У былога сябра зліквідаванай партыі БСДП (Гграмада) Анатоля Прышчыка з Мікашэвічаў радасць. Як паведаміў у прыватнай размове яго сын Віталь, спадару Анатолю патэлефанавалі з следчай групы з Мінску ды сказалі прыехаць, забраць тэлефоны. Але 76-гадоваму хвораму чалавеку цяжка даехаць у Мінск. Таму, па словах Віталя, бацька папрасіў, каб забрала дачка, сястра Віталя, якая жыве ў Мінску. Так што цяпер бацькі Віталя змогуць карыстацца сваімі тэлефонамі, калі захочуць і калі спатрэбіцца, а не прасіць у выпадку патрэбы ў суседа, каб даў патэлефанаваць. Бо на новыя надта з пенсій, вядома, не разгонішся, да таго ўвесь час цяплілася надзея: не заўтра-паслязаўтра аддадуць. Праўда, аддалі праз год. Бо міліцыянты з Мікашэвіцкага гарадскога аддзела міліцыі забралі тэлефоны ў Анатоля Прышчыка і яго жонкі ў канцы кастрычніка 2024 года. Ніхто не паясняў, чаму. Таксама невядома чаму тэлефоны апынуліся ў мінскіх следчых. Бо нельга зразумець праявы такой пільнасці да 75-гадовага на той час інваліда (Анатоль хварэе на рак лёгкіх) і яго 72-гадовай жонкі.