Валянціна (імя змененае ў мерах бяспекі) з Бярозы працуе на дзяржаўнай службе простай работніцай. Яна была здзіўлена загадам начальніцы ўзяць пашпарт на працу. Не зразумела, чаму трэба несці пашпарт, але запытаць, навошта, і не ўзяць, было боязна. Бо яна ведае, што за такія пытанні можна вылецець з працы і нідзе цябе больш не возьмуць. А назаўтра ім сказалі, што трэба паставіць подпіс за Лукашэнку. Папярэдзілі, што трэба падтрымаць Аляксандра Рыгоравіча адзінадушна. І ніхто не адмовіўся, хаця ставіць не хацелася. Праклінаючы ў душы і сябе за маладушша, і Аляксандра Рыгоравіча, на твары выціснуўшы з сябе ўсмешку, з паказной гатоўнасцю падпісалася. А куды дзенешся, калі цябе яшчэ здымаюць, каб паказаць у «Маяку» — мясцовай раёнцы — як бярозаўчане, якія ў 2020 дружна выступілі супраць улады, за што масава і да гэтага часу хапаюць людзей, зараз нібы пакаяліся і дружна бягуць падтрымаць надакучыўшага перастарка. Раней таксама на працы падпісваліся, але можна было адмовіцца і нічога табе за гэта не было.
«Так і жывем, бы ў турме. І невядома, калі гэта скончыцца», — уздыхнула жанчына, якая ў 2020-м з белай стужкай на руцэ галасавала за Ціханоўскую.