Навіны

Акцыя «Не вайне!» і «Свабоду палітвязням» у Варшаве

12 траўня 2024 года ў цэнтры Варшавы ля помніка Каперніку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і супраць вайны ва Украіне.

Выступоўцы ў чарговы раз напомнілі свету, жыхарам і гасцям Варшавы пра Пуціна і Лукашэнку, якія нясуць пагрозу ўсяму чалавецтву. Пра тое, што Расея акупавала Беларусь, моцна трымаючы за ашыйнік Лукашэнку, які стаў сатэлітам ненасытнай суседкі, казалі ўсе выступоўцы. На акцыі аднадушна асудзілі ваенныя дзеянні Расеі, ад якіх ва Украіне гінуць дзеці. Больш 500 дзяцей загінулі за 2 гады вайны, не гаворачы ўжо пра дарослых.

Як заўсёды, людзі гаварылі пра засценкі рэжыму Лукашэнкі, дзе ўжо каля 4 гадоў утрымліваюцца ў жахлівых умовах палітвязні, дзе іх робяць калекамі і забіваюць. Людзі патрабавалі спыніць тэрор супраць свайго народа.

Выступіла таксама некалькі кандыдатаў у дэпутаты Каардынацыйнай рады. Некаторыя з іх таксама гаварылі пра тое, што галоўным і першапачатковым пунктам іх праграмы з'яўляецца вызваленне палітвязняў і Беларусі ў цэлым.

На жаль, акцыя была нешматлікай. Як сказала адна з удзельніц: працэс зацягнуўся, хто інтэгруецца, хто баіцца, а хто ўжо страціў веру ў перамогу. Вось толькі адказнасці за вызваленне палітвязняў, салідарнасці з імі і іх падтрымку ніхто з нас не здымаў.
Made on
Tilda