Тры гады таму, 25 снежня 2021 года пайшоў з жыцця адзін з самых яркіх і адданых прадстаўнікоў праваабарончага руху ў Беларусі — Сяргей Гоўша. Яго смерць стала вялікай стратай для ўсіх, хто ведаў яго як смелага абаронцу правоў чалавека і непахіснага барацьбіта за справядлівасць.
Чалавек, які не баяўся ісці супраць сістэмы
Сяргей Гоўша нарадзіўся ў Ляхавіцкім раёне, у вёсцы Востраў. З малых гадоў ён праяўляў вялікую цікавасць да сацыяльнай справядлівасці і правоў чалавека. Яго актыўная дзейнасць у абароне правоў людзей пачалася ў 1996 годзе, калі ён далучыўся да праваабарончага цэнтру «ВЯСНА». Тут ён знайшоў сваю сапраўдную прафесію і пакліканне, стаўшы адным з годных абаронцаў правоў чалавека ў Беларусі.
У «Вясне» Сяргей прыкладаў свае сілы для падтрымкі ахвяраў палітычных рэпрэсій, абароны правоў журналістаў і грамадзянскіх актывістаў. Ён быў на пярэднім краі барацьбы, рызыкуючы сваёй бяспекай за права на свабоду і справядлівасць, супрацьстаячы рэпрэсіям і ціску на апазіцыйных дзеячоў. Абараняў правы беларусаў не толькі на ўзроўні краіны, але і неаднаразова падаваў скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН (і гэтыя скаргі разглядаліся ў падтрымліваліся).
Праз сваю дзейнасць сам сутыкаўся з ціскам. Неаднаразова затрымліваўся, атрымліваў штрафы. Прычым штрафы часам прызначаліся па вельмі дзіўных справах. Так, у 2012 годзе Гоўшы прызначылі штраф за нібыта нецэнзурную лаянку ў размове з акружной выбарчай камісіяй. Гоўна абскарджваў рашэнне ва ўсіх беларускіх судах па чарзе і дайшоў да Вярхоўнага Суду Беларусі, акцэнтуючы ўвагу на тым, што суды не ўлічылі аўдыёзапіс, які даказваў яго невінаватасць. Ён вярнуўся да гэтага пытання, паказваючы на непрыхільнасць і парушэнні ў разглядзе яго справы, нават калі ўсе суды ўсіх узроўняў адмовілі ў задавальненні яго скаргі.
Барацьба за правы чалавека
Сяргей Гоўша аказваў юрыдычную дапамогу тым, хто не мог дазволіць сабе адваката, а таксама абараняў інтарэсы беларускіх журналістаў і актывістаў, якіх пераследавалі за грамадска-палітычную дзейнасць.
Сяргей не баяўся рызыкаваць асабістай бяспекай за праўду. У 2019 годзе ён звярнуў увагу на словы Аляксандра Лукашэнкі пра стварэнне кадравога рэестра з 850 чалавек, нададзеных імунітэтам ад затрымання без дазволу прэзідэнта. Гоўша даводзіў, што гэта парушае Канстытуцыю Беларусі, у тым ліку артыкулы пра вяршэнства права і забарону прывілеяў, якія супярэчаць закону. Ён звярнуўся ў Следчы камітэт, але атрымаў адказ, што няма падстаў для праверкі.
Спадчына Сяргея Гоўшы
Нягледзячы на тое, што Сяргей Гоўша пайшоў з жыцця ў 2021 годзе, яго спадчына жыве ў тых справах і людзях, якім ён дапамог. Так, напрыклад, Констытуцыйны суд Беларусі падтрымаў прапанову Сяргея Гоўшы аб вызваленні ад аплаты дзяржаўнай пошліны пры падачы скарг на пастановы па адміністрацыйных справах. У 2013 годзе ён звярнуўся ў суд, адзначыўшы, што існуючыя нормы парушаюць права грамадзян на судовую абарону. Канстытуцыйны суд 25 верасня 2024 года прыняў рашэнне прапанаваць Савету Міністраў падрыхтаваць змены ў закон, якія забяспечаць гарантыі судовай абароны.
Таму смерць Сяргея Гоўшы — гэта страта не толькі для сям'і і сяброў, але і для ўсёй краіны. Але нягледзячы на яго сыход, справа Сяргея Гоўшы будзе працягвацца праз тых, хто працягне яго работу, хто атрымаў ад яго падтрымку і натхненне.