Беларусы Варшавы сабраліся на традыцыйную акцыю ў цэнтры польскай сталіцы
6 кастрычніка 2024 года ў Варшаве прайшла традыцыйная нядзельная акцыя беларусаў. Паводле арганізатара акцыі Васіля Плешкунова, у гэтым годзе адбыліся 4 хвалі памілаванняў. На волю выйшлі 115 чалавек. Рэжым патрабуе ад Захаду плюшак за сваю «літасць». І гэта нягледзячы на тое, што за той жа час пасадзілі больш за 140 чалавек. Праўладны прапагандыст Васкрасенскі адначасова заявіў, што «мы чакалі плюшак, плюшак няма — вызваленні больш не разглядаюцца», а знакамітыя палітвязні будуць выходзіць у апошнюю чаргу, так сказаў Васкрасенскі ў размове з праваабаронцам Леанідам Судаленка.
Успомнілі на акцыі пра рашэнне Лукашэнкі паставіць помнік карове, якая карміла партызан. Па словах Плешкунова, на акцыі выказаліся тыя, у чыіх бабуль, дзядуль партызаны не пытаючы забіралі каровы і іншую жыўнасць, выракаючы сем'і на голад. Паводле ўдзельнікаў акцыі, для Лукашэнкі дойная карова гэта Беларусь, якую ён «доіць» 30 гадоў. Хутчэй гэта яго падштурхнула да ідэі такога помніка ў Беларусі, а не партызанская шырма.
Таксама павіншавалі актывістаў Алега Кулешу ды Ганну Лукашонак з днём народзінаў. Дзеці праспявалі ім «100 лят». Скончылася акцыя традыцыйным сумесным фотаздымкам.