Навіны

Праваабаронцы «Вясны» змагаюцца за вызваленне свайго лідара

Сябры праваабарончага цэнтра «Вясна» робяць многа намаганняў для вызвалення свайго лідара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Пра некаторыя высілкі праваабаронцаў распавядае сябра «Вясны», былы палітзняволены Леанід Судаленка:

Цяжка сказаць, які настрой цяпер у галаве ў Лукашэнкі. Ці дасць ён у сувязі з юбілеем перамогі ў Другой сусветнай вайне, які будзе святкавацца 9 траўня, амністыю ўсім палітычным вязням, у тым ліку і Алесю Бяляцкаму? Невядома. Ніхто не можа адказаць на гэта пытанне, таму што ўсё залежыць толькі ад аднаго чалавека: ключы ад турмаў у Лукашэнкі.

Але на дзеянні спадара Лукашэнкі можна паўплываць, упэўнены праваабаронца Судаленка са сваімі паплечнікамі. Для гэтага пытанне Бяляцкага выносіцца на міжнародны ўзровень:

Напачатку 2025 года праваабаронцы «Вясны» сустракаліся з амерыканскім амбасадарам у Літве, дзе ставілі пытанне пра вызваленне Алеся і перадалі ліст пра тое, каб Алеся Бяляцкага ўключылі ў магчымыя абменныя спісы, якія адбываюцца паміж Захадам і Расіяй, абмен палітзняволенымі. Гэты ліст цяпер знаходзіцца на разглядзе ў новай адміністрацыі Трампа. Трамп усё ж уплывовы чалавек, носьбіт вялікай улады, і каб ён сёння з раніцы патэлефанаваў Лукашэнку, магчыма, вечарам Алесь быў бы ўжо тут з намі ў Літве. Сам Трамп рабіў публічную заяву, каб атрымаць Нобелеўскую прэмію міру. І таму, магчыма, з яго боку было б лагічным зрабіць такі вялікі жэст — вызваліць Нобелеўскага лаўрэата гэтай жа прэміі, прэміі міру.
Апроч таго, праваабаронцы лічаць, што Лукашэнка можа звярнуць увагу на Нобелеўскага лаўрэата ў турме калі не з-за ўмяшальніцтва звышдзяржаў, то праз пытанні замежных журналістаў. Таму накіравалі зварот да Стыва Розэнберга (Steve Rosenberg), маскоўскага карэспандэнта Бі-бі-сі.

Мы бачылі досвед пазітыўнай рэакцыі Лукашэнкі на пытанні пра зняволеных, зададзеныя карэспандэнтам ВВС Стывам Розэнбергам. Калі Розэнберг спытаў Лукашэнку пра Віктара Бабарыку, які правёў у рэжыме інкамунікада больш за 700 дзён, Беларусь апублікавала яго абнадзейлівыя фатаграфіі. Калі карэспандэнт ВВС спытаў пра Марыю Калеснікаву, ад якой не было звестак каля 600 дзён, ёй дазволілі сустрэчу з сям’ёй і фатаграфаванне. Калі Лукашэнка збярэцца ў Маскве з Уладзімірам Пуціным 9 мая, каб адзначыць заканчэнне Другой сусветнай вайны, магчыма, Розэнбергу варта ўстаць і спытаць Лукашэнку тварам да твару перад тэлекамерамі: “Навошта вы Бяляцкага трымаеце? Якая цана яго вызвалення?” Магчыма, тады мы ўбачым, ці ўсё ў парадку з Алесем.

Праваабаронца Леанід Судаленка нагадвае, што Алесь Бяляцкі цяпер адзіны (ва ўсім свеце!) Нобелеўскі лаўрэат, які знаходзіцца за кратамі. Іранскую праваабаронцу Наргіз Махамадзі (Нобелеўскую лаўрэатку 2023 года) нават іранскі рэжым выпусціў з турмы.

На думку Судаленкі, найбольш рэалістычны план вызвалення Алеся — гэта ўключэнне яго ў абменныя спісы.

Калі зараз не вызваляць Алеся і яму прыйдзецца чакаць заканчэння тэрміну ў 2031 годзе, Алесю будзе пад 70. І паўстае пытанне, ці вытрымае арганізм яго ўвесь гэты тэрмін ва ўмовах сённяшняй турмы. Бо 100 гадоў таму, калі Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру Карл фон Асецкі знаходзіўся ў турме нацысткай Германіі, здароўе яго не вытрымала: ён памёр за кратамі ў 1938 годзе. Гітлераўскі рэжым не знайшоў у сябе сілы, каб выпусціць на волю Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру.
2025-04-25 16:30