Навіны

Майстэрня паштовак салідарнасці правяла акцыю ў Варшаве

Варшава, 25 лютага 2023
Арганізатар акцыі, адна з заснавальніц Майстэрні — валантэрка Марына. Акцыя прайшла 25 лютага 2023 ў каворкінгу Free Belarus Center. У напісанні лістоў — галоўная мэта акцыі — прынялі ўдзел больш за 10 чалавек. Людзі пісалі лісты родным, знаёмым, проста выбраным са спіса палітвязням, падпісвалі прыгожыя паштоўкі. З Берасцейшчыны атрымаюць пісьмы Паліна Шарэнда-Панасюк, Дар'я Лосік, Анатоль Пугач, Уладзімір Гундар і Сяргей Савіч.

Паводле Марыны, спачатку яна і яе сяброўкі пісалі лісты з Беларусі, атрымлівалі адказы. А калі з'ехалі з краіны, то вырашылі стварыць Майстэрню паштовак салідарнасці. Спачатку ўсё рабілі за свае сродкі, Але на гэта патрэбны немалыя сродкі. Зараз вельмі добра дапамог Байсол. Перавага майстэрні, што лісты можна пісаць не толькі онлайн, але і офлайн. Потым іх у Беларусі пераносяць на лісты і адпраўляюць палітвязням, адказы таксама атрымліваюць на беларускія адрасы. Гэта дае магчымасць рэальнай перапіскі. Хаця адваротная перапіска бывае з пераменным поспехам. За гэтыя гады напісаны тысячы лістоў. Акцыі праводзіць Майстэрня ў розных гарадах і краінах: у Польшчы ў Варшаве і Гданьску, у Літве ў Вільні, у Грузіі ў Батумі.

Дзяўчына лічыць працу Майстэрні вельмі патрэбнай. Як ёй стала вядома ад вызваленых палітвязняў, лісты бываюць як абярог. Калі ідзе да вязня шмат лістоў, то супрацоўнікі больш уважліва ставяцца да таго зняволенага.

Напісанне лістоў было цікавым, бо яно дапаўнялася рэкамендацыямі былых палітвязынак Таццяны Астроўскай і Вольгі Рытус, што пісаць, якія паштоўкі лепш слаць.
Made on
Tilda