Сваякам памерлага ў зняволенні палітвязня Мікалая Клімовіча паведамілі, што адбылася праверка па факце яго смерці ў віцебскай калоніі №3. Пра гэта паведамляе радыё «Рацыя».
«Праверка праводзіцца заўсёды па любым факце смерці, незалежна ад прычын смерці. Але як правіла, яна праводзіцца вельмі фармальна. Вусна было сказана пра тое, што вінаватых асобаў не выяўлена, і прычына — ягоны стан здароўя. Калі сыходзіць з медыцынскай дакументацыі, то гэта прамы вынік яго агульнага стану здароўя», — пракаментаваў вынікі праверкі адмыслоўца.
Нагадаем, што 7 траўня 2023 года праваабаронцам стала вядома, што у калоніі памёр палітвязень з Пінску Мікалай Клімовіч. Суддзя Андрэй Бычыла прызначыў яму тэрмін у выглядзе калоніі нягледзячы на тое, што Клімовіч меў інваліднасць 2-й групы па сэрцу і патрабаваў пільны медыцынскі нагляд.