Судовыя паседжанні

Паўтары гады калоніі з-за даносу расіянкі

Сталі вядомы вынікі суду над мужчынай, якога судзілі за абразу Лукашэнкі


22, 23 і 24 лістапада 2022 года ў Маскоўскім суддзе Берасця разглядалася крымінальная справа супраць Труш Аляксандра Уладзіміравіча. Мужчына пад вартай з 17 верасня 2022. Дзяржабвінавачванне прадстаўляў Ягор Кронда, суддзя Таццяна Лаўрэнюк.

На судзе Труш працягваў заставацца пад вартай. Яго абвінавацілі па ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэксу Беларусі за публічную абразу Лукашэнкі. Згодна з пазіцыяй абвінавачання, такое «злачынства» адбылося 16 жніўня 2022 года, калі пры іншых людзях Труш заявіў, што Аляксандр Лукашэнка здраднік і фашыст.

У той дзень Аляксандр са знаёмай паехалі ў госці, там падвыпілі. Выйшлі на вуліцу, размаўлялі на палітычныя тэмы. Да кампаніі людзей падыйшла спачатку адна жанчына, якая прасіла дапамагчы разабрацца з нечым ў тэлефоне — ёй дапамаглі. Потым падыйшла іншая жанчына, якая зрабіла заўвагу ды ў рэзкай форме запатрабавала замаўчаць. Як высветлілася потым, гэтая другая жанчына выклікала міліцыю з паведамленнем, што «у двары кампанія з 8 чалавек, лаяць уладу, называюць Лукашэнку здраднікам ды фашыстам». Праз 23 хвіліны ў двары з'явіліся міліцыянты, забралі Труша і яго знаёмую ў аддзяленне міліцыі.

Ціск да суду, абяцанні адпусціць у абмен на прызнанне віны

Як распавёў на судзе Труш, у міліцыі яго апытвалі ўчастковыя. Міліцыянты сыходзілі з таго, што менавіта Труш назваў Лушэнку здраднікам ды фашыстам, але ж Труш не прызнаваў гэтага, настойваў што не мог такога сказаць. Тады, паводле Труша, яму прыгразілі, што зараз пасадзяць у ІЧУ, спакойна знойдуць сведак якія пацвердзяць версію міліцыянтаў, ды ўвогуле яму могуць «павесіць» 4 артыкула. Пасля гэтага міліцыянты прапанавалі Трушу пагадзіцца з іх версіяй, напісаць заяву на імя начальніка РАУС што менавіта ён казаў тыя словы пра Лукашэнку — тады яго змогуць адпусціць. У выніку Труш напісаў тую заяву, і на месяц яго сапраўды адпусцілі (але ж у сярэдзіне верасня змясцілі ў следчы ізалятар, дзе ён знаходзіўся да суду).

Падчас судовага паседжання суддзя спытала, чаму падчас пазнейшых допытаў Труш таксама прызнаваў што назваў Лукашэнку здраднікам і фашыстам, ці прымяняліся да яго недазволеныя метады вядзення следства. Труш адказаў, што паказанні не змяняў, бо баяўся, што ў ІЧУ ці СІЗА на яго могуць ціснуць, але ж канкрэтных недазволеных дзеянняў да яго не прымянялі. Хаця пры гэтым Труш адчуваў, што следчыя могуць прычыніць яму шкоду, калі захочуць. Пратакол яго другога дапросу у частцы сведчанняў Труша, следчы ў аснощным проста перапісаў з ранейшага дапросу, расказаў на судзе Труш.

Фашыст і здраднік: абгрунтаванні

Падчас зачытвання пісьмовых матэрыялаў справы былі агучаныя папярэднія паказанні Труша. У тых пратаколах было запісана, што Труш пагаджаўся з тым, што 16.08.2022 назваў Лукашэнку абразлівымі словамі. Пры гэтым адзначалася, што назваў Лукашэнку фашыстам, бо ў 2020 годзе да пратэстоўцаў прымяняліся жорсткія дзеянні. А здраднікам назваў таму, паколькі Лукашэнка падтрымаў Расею з яе спецаперацыяй, такім чынам здрадзіўшы Украіне.

У выніку праз тое, што сведчанні Труша на судзе і на папярэднім следстве значна разыходзіліся, у суд вырашылі выклікаць дадатковых сведак. У тым ліку тую жанчыну, па даносе якой міліцыянты затрымалі Труша 16.08.2022. Але ж гэтая сталая жанчына, грамадзянка Расеі, спаслалася на ўзрост ды прасіла пазбавіць яе ад неабходнасці яўкі на суд, дадзеныя раней сведчанні падтрымала.

Прысуд

У выніку пракурор знайшоў віну Труша цалкам даказанай, запатрабаваў для мужчыны пазбаўленне волі. Суддзя пагадзілася ды прызначыла паўтары гады калоніі агульнага рэжыму.

13 студзеня 2023 года ў абласным судзе разглядалася апеляцыйнага скарга на гэты прысуд. Трое суддзяў пакінулі рашэнне суду без зменаў.
Made on
Tilda