Навіны

Трох чалавек з Берасцейскай вобласці абвясцілі «тэрарыстамі»

Гэта несапраўдныя тэрарысты
13 лістапада 2026 года КДБ абнавіў «тэрарыстычны спіс». Туда дадалі 11 беларусаў. Сярод іх некалькі звязаны з Берасцейскай вобласцю: гэта Алег Лабудзеў, Яна Беразюк ды Віталь Васілько.

Пра Беразюк вядома, што гэта 37-гадовая жыхарка Лунінца. Як мы высветлілі раней, летась яе асудзілі за тэлеграм-каментары. Да суду была ў СІЗА, атрымала 3 гады «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Адзін з ейных артыкулаў быў «распальванне варожасці» (пад што беларускія ўлады частка зусім беспадстаўна падводзяць проста крытычныя каментары). І вось на падставе таго, што ў Беразюк быў гэты артыкул, кадэбісты вырашылі абвясціць жанчыну ажно «тэрарысткай».
Нагадаем, што беларускія ўлады прыкрываюцца барацьбой з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам» для ажыццяўлення рэпрэсій.
Таксама ў спіс трапіў Алег Лабудзеў. Як даведалася Наша Ніва, ён родам з Бярозы Берасцейскай вобласці. З 2014 да 2024 года вёў там бізнэс як індывідуальны прадпрымальнік (гандляваў адзеннем). У апошнія гады перабраўся на Міншчыну. Як высветлілі журналісты, Лабудзеў быў актыўны ў сацсетках, асабліва шмат спрачаўся ў Z-чатах з прыхільнікамі Крамля (абараняў Украіну ды абвяргаў міфы расейскай прапаганды). А недзе ў снежні 2025 года мужчына раптам спыніў анлайн-актыўнасць — відаць, тады быў затрыманы. Потым жа яго асудзілі па арт.361 КК «Заклікі да шкоды Рэспубліцы Беларусь». І менавіта гэты прысуд КДБ пазначыла як прычыну, чаму Лабудзева абвясцілі гучным словам «тэрарыст».

А Віталь Васілько абвінавачваецца па тым жа артыкуле арт.361 КК «Заклікі да шкоды Рэспубліцы Беларусь». Так напісана ў спісе «тэрарыстаў» ад КДБ. І з гэтай нагоды спецслужбісты абвясцілі Васілько нібы «тэрарыстам». Як вынікае з афіцыйнага дакумента, мужчына жыве (прапісаны) ў Берасцейскай вобласці.

Такім чынам, выглядае, што ўсе трое сутыкнуліся з рэпрэсіямі за свае інтэрнэт-каментары, якія не спадабаліся ўладам ці сваёй рэзкасцю, ці яшчэ чымсьці.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda