Навіны

Уладзімір Някляеў прэзентаваў новы зборнік вершаў

Пра турму і замежжа
Варшава, 17 верасня 2024. Тут і далей фота берасцейскай «Вясны»
17 верасня 2024 года ў Варшаве ў адбылася прэзентацыя новага зборніка вершаў Уладзіміра Някляева «Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа».

Зборнік вершаў, як піша сам аўтар у прадмове, — гэта працяг яго кнігі «Лісты да волі», напісанай у 2011 годзе на аснове турэмнай лірыкі. Паўтары гадзіны паэт чытаў свае вершы, звязаныя адной ніткай: турма — гэта цяпер шлях многіх і многіх лёс. Сюжэт паэмы «Каляды», якая ўвайшла ў зборнік, — «Айчына стала Турмой, а Турма — Айчынай»:
Турма — не сцены. Для Турмы
Не камяні сабраны. Мы.
«Турма не ведае маралі. І найперш тым стала падобна на яе Айчына», — піша Някляеў у сваёй прадмове. Вершы сумныя, некаторыя нават безнадзейныя. Паводле паэта Някляева, тое, што адбываецца ў беларускіх турмах цяпер, не паддаецца розуму. Паэт ведае, што ён кажа, бо сам мае турэмны досвед. Пры ўдзеле ў выбарах 2010 года ў якасці кандыдата ў прэзідэнты быў збіты АМАПам. З моманту збіцця 19 снежня і да свайго б пераводу пад хатні арышт 29 студзеня 2011 года знаходзіўся ў СІЗА КДБ. 20 мая 2011 года пакараны 2 гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

Уладзімір Някляеў на вечарыне ўспомніў Міколу Статкевіча, Марыю Калеснікаву, Паліну Шарэнду-Панасюк і іншых, з якімі няма наогул сувязі, успомніў Алеся Бяляцкага — Нобелеўскага лаўрэата, праваабаронцу, якога катуюць за кратамі, успомніў забітых і знявечаных у турэмных мурах дыктатара.

Нягледзячы на сум і, можа, нават безнайдзейнасць у вершах і паэме новага зборніка, надзея ўсё ж цепліцца, што відаць у адным з вершаў:
У цемры Свету з чатырох бакоў
Віруе Смерць, знішчаецца Любоў,
А Свет глядзіць у цемру летуценна:
Якой бы цёмнай ні была,
Да першага праменьчыка святла
Каляднай зоркі... Вечнае нязменна.
На развітанне аўтар сказаў: нават калі паэма «Каляды» будзе яго апошнім творам, то яму не сорамна будзе праз яе глядзець у беларускае неба, лежачы ў роднай беларускай зямлі. Удзельнікі прэзентацыі пасля сустрэчы набылі кнігу з аўтографам і пажаданнямі аўтара, а некаторыя адразу па некалькі экзэмпляраў для дарослых дзяцей, радні і сяброў.
Made on
Tilda