Навіны

«Праваабаронцы прыходзяць на дапамогу ў любы момант, нават самы неспрыяльны»

Інтэрв'ю з праваабаронцай «Вясны» Аленай Маслюковай
Алена Маслюкова ў Вільне. Асабісты архіў
Для таго, каб праваабаронцы «Вясны» не змаглі бараніць правы беларусаў, іх амаль у поўным складзе выціснулі з краіны. А супраць грамадзян Беларусі ўжо 4-ты год не спыняюцца рэпрэсіі, калі за любую драбязу ў тэлефоне, ці то лайк, ці перапост арыштоўваюць і жорстка караюць, каб выбіць з людзей нават намёкі на вольніцу і заганяюць у вузенькія рамкі як жывёлаў у стойла, кажа праваабаронца Алена Маслюкова.

Паводле Алены Маслюковай, не мае значэння, дзе чалавек знаходзіцца: хоць у турме, хоць на свабодзе, хоць у межах Беларусі, хоць за яе межамі, — калі у абароне правоў ёсць неабходнасць і патрэба, чалавек знойдзе сродкі і магчымасці, каб іх бараніць. Вядома, праваабаронцам цяжэй абараняць, знаходзячыся па-за межамі краіны, але мы не можам гуляць па правілах беларускай улады, якая выстаўляе усё больш і больш перашкод для праваабаронцаў.

Па словах Маслюковай, вядома, што ціск уплывае на грамадскую актыўнасць людзей. Але на дадзеным этапе самае важнае для чалавека — гэта захаваць сябе, сваё ментальнае і фізічнае здароўе, захаваць сваю свабоду. Знешне выглядае, што народ нібы суцішыўся, але тое, што адбываецца ў сэрцы чалавека, у яго душы і галаве ніякай дзяржавай, ніякім пераследам і ціскам, ніякім тэрорам, учыненым у краіне, спыніць нельга. Яна мае глыбокае перакананне, што, чым больш будуць ціснуць на людзей, чым больш іх будуць заганяць у гэтыя абмежаваныя, вельмі вузкія рамкі, як жывёл у стойла, гэта не робіць легітымнай уладу, не робіць ёй станоўчы імідж, зусім наадварот, гэта выклікае знявагу, а потым і нянавісць. Праваабаронца вельмі баіцца пераходу гэтай нянавісці з душы ў цела. Страшна нават падумаць, што можа адбыцца тады ў Беларусі.

Паводле праваабаронцы Маслюковай, зараз не зацішша ў грамадстве, а роздум аб іншых шляхах для дасягнення сваіх грамадзянскіх мэт і палітычных правоў, а таксама пошук гэтых новых шляхоў. Яна ўпэўнена, што беларусы здолеюць знайсці і выбудаваць гэтыя шляхі і выраўняць вось гэтую сітуацыю. Праваабаронцы таксама не стаяць убаку, прыходзяць на дапамогу і будуць прыходзіць, каб дапамагчы абараніць правы чалавека ў любы момант, нават самы неспрыяльны.
Made on
Tilda