Навіны

Дыскусія «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі»

З удзелам Алеся Бяляцкага
13 ліпеня 2026 года ў Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі, адбылася панэльная дыскусія «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі». Арганізатарамі выступілі Генеральнае прадстаўніцтва Фландрыі ў партнёрстве з Беларускім ПЭНам, ПЭНам Фландрыі і Музеем Вольнай Беларусі.

Удзельнікамі дыскусіі былі Алесь Бяляцкі — праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, былы палітычны зняволены, Кацярына Андрэева – пісьменніца, журналістка, былая палітычная зняволеная, Таццяна Нядбай — паэтка, старшыня Беларускага ПЭНа. Мадэратаркай мерапрыемства была Аліцыя Гэнсціньска — пісьменніца, філосафка, старшыня ПЭНа Фландрыі.

Удзельнікі абмяркоўвалі ролю слова, літаратуры і культуры ў абароне свабоды і чалавечай годнасці, спосабы захавання памяці пра пераслед, а таксама сучасную сітуацыю ў Беларусі.

Паводле Алеся Бяляцкага, беларуская літаратура XX стагоддзя перажывала крызісы з-за рэпрэсій, але ў 1970–80-я гады выйшла на еўрапейскі ўзровень. Цяперашняя эміграцыя беларускіх літаратараў дае добры шанец паказаць сябе на міжнароднай арэне. Сучасны гістарычны пералом і трагедыя з'яўляюцца важным матэрыялам для творцы, гаварыў Алесь Бяляцкі.

Таццяна Нядбай лічыць, што ад носьбітаў вольнага слова шмат залежыць лёс Беларусі, хаця сітуацыя ў Беларусі надзвычай цяжкая і спадзявацца на хуткія перамены не прыходзіцца, але цяжкая сітуацыя ў Беларусі не першы раз, тым не менш беларусы выжывалі, жывуць і будуць жыць.

Кацярына Андрэева вяртаецца ў прафесію і збіраецца найперш расказаць гледачам Белсата пра набыты цяжкі досвед і горкі свой іспыт. Але не толькі пра гэта будзе яе вольнае слова за мяжой.

Слухачы дыскусіі пасля афіцыйнай часткі камунікавалі з удзельнікамі. Было зададзена шмат пытанняў.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda