Бярозаўскі раён страціў яшчэ аднаго актывіста. У 75-гадовым узросце пасля цяжкай хваробы памёр сябра партыі БНФ Анатоль Сахаруша. Пахаванне адбылося 28 студзеня 2026 года.
З 1990-х гадоў Анатоль, аграном па адукацыі, працуючы ў сельскай гаспадарцы, меў дэмакратычныя погляды і разумеў, што шлях, якім ідзе Беларусь, тупіковы. Гэта прывяло яго ў партыю. Беларуская мова была для яго адзінай, карыстаўся і сваёй дыялектнай сялецкай — Анатоль нарадзіўся ў в. Сялец Бярозаўскага раёну. Калі завёў сваю сям'ю, то пераехаў у Малеч. А завяршыў жыццё ў суседняй вёсцы Кабакі, дзе сям'ю чакаў дыхтоўны будынак бацькоў жонкі, пакінуўшы саўгасную кватэру. Прыемна было завітаць у іх двор, дзе з вясны да позняй восені цвіло мора кветак. Кветкі былі паўсюль, дзе жыла сям'я. Моцна любіў чытаць, прывучыў любові да кніг і сваіх унукаў, якімі ганарыўся і моцна любіў.
Некалькі гадоў змагаўся за цудоўны вадаём у Кабаках разам з адзіным дэмакратычным дэпутатам мясцовага савета ў рэспубліцы Валерам Білібухам, і адстаялі. Змаганне за дарогі, змаганне за гаспадаркі вяскоўцаў пад час афрыканскай чумы, калі бяздумна вынішчалі здаровае пагалоўе у вяскоўцаў і пакідалі хворае на свінафермах мясцовага камбікормавага завода.
На ўсіх выбарах Анатоль Сахаруша быў прынцыповым назіральнікам і не баяўся змагацца з фальсіфікацыямі. Ён дапамагаў вясковым людзям адстойваць свае правы і вучыў іх, як гэта рабіць. Не ленаваўся прыязджаць у Бярозу і Мінск на акцыі. Пасля выбараў 2006 г. быў на плошчы ў Мінску. Пісаў у незалежную газету «Бярозавы венік» пра вясковыя падзеі. Апекаваўся ўсе гады Паўлам Севярынцам, калі той сядзеў у спецкамендатуры ў вёсцы Купліна на Пружаншчыне. Гэта толькі невялікая частка зробленага гэтым мужным і разумным чалавекам.
Выгадаваў і вывучыў дзве цудоўныя дачушкі, якія сталі настаўніцамі. Быў добрым бацькам і мужам, быў цудоўным дзедам траіх унукаў, быў верным сябрам.
Прыносім глыбокія спачуванні сям'і.
З 2020 г. акрамя Анатоля Сахарушы не стала яшчэ траіх адраджэнцаў з Бярозаўшчыны: Таццяны Аліхвер, Віталя Прыхача і Валянціны Тарасюк.