Навіны

У Мікашэвічах ёсць дзіўны дом

Ён увесь у «неўсталяванай сімволіке»
У невялікім гарадку Мікашэвічы, што ў Лунінецкім раёне Берасцейскай вобласці, нядаўна звярнуў на сябе ўвагу прыватны дом. У ім жыве прыхільнік Савецкага Саюзу і цяперашняй Расіі. Пра гэта кажуць малюнкі і сімвалы, якія размясціў гаспадар на сваім будынку. Так, на цёмна-карычневай частцы плота вялікая белая літара Z. Гэта сімвал агрэсіі расійскага фашысцкага рэжыму ў вайне з Украінай. На цаглянай сцяне белага колеру дамка намалявана старэнькая жанчына з чырвоным савецкім сцягам у руках. Гэта ўкраінка, якая выйшла з чырвоным сцягам сустракаць сваіх украінскіх жаўнераў, пераблытаўшы іх з расійцамі. Але агрэсары выкарысталі гэты перфоманс у прапагандысцкіх мэтах, хуценька зрабілі нават помнік гэтай бабулі. Хаця бабуля публічна агучыла сваю памылку, сказала, што выйшла сустракаць сваіх украінскіх ваяроў, а не расейскіх фашыстаў. І вось жыхару Мікашэвічаў такі сімвал сустрэчы расійскіх агрэсараў вельмі да спадобы. Над хатай лунае чырвоны сцяг з савецкім гербам.

І ні міліцыя, ні адміністрацыя горада на такую праяву не звяртаюць увагі. Калі ў Хойніках мужчыну аштрафавалі на 580 рублёў за бел-чырвона-белы плот (яго прызналі вінаватым у «правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства»). У Горадні дзяўчыну аштрафавалі на 290 рублёў за штору на акне, якая падобная да БЧБ-сцяг. І такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат.

Чаму ў Беларусі такія падвойныя стандарты да колераў і сімвалаў?
Made on
Tilda