Навіны

Жыццё палітзняволеных пасля вызвалення

Міліцыя не дае ім спакою
Берасцейскай «Вясне» вядомы шматлікія выпадкі, калі міліцыя не пакідае без пільнай увагі палітвязняў, якія цалкам адбылі свой тэрмін. Былыя палітвязні вымушаны адзначацца ў міліцыі і хадзіць на прафілактычныя размовы (раней такую ўвагу надавалі ў асноўным асобам на наркалагічным ці іншым падобным уліку).

Такія пытанні рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Пра асновы дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». Паводле закона, аб пастаноўцы на ўлік грамадзянам мусіць выдавацца копія пастановы. Далей адзін раз на месяц афіцыйная асоба, якая здзяйсняе нагляд, наведвае грамадзяніна, калі іншае не вызначана кіраўніком або намеснікам суб'екта прафілактыкі. Адзін раз на месяц (ізноў жа, калі іншае не вызначана ворганамі) паднаглядны павінен прыходзіць на прафілактычнае мерапрыемства.

Па словах былога палітвязня Сяргея Пятрухіна, пасля вызвалення частата яго сустрэч з міліцыяй была рознай: то сустрэчы былі рэдкімі, а ў іншыя перыяды — частымі. Выратоўвалі ад надакучлівых наглядальнікаў паездкі да бацькоў у другі горад, што было не забаронена. Іншым берасцейскім палітвязням больш пашчасціла: іх правяраюць 2 разы ў месяц. У рэгіёнах вобласці з гэтай справай горш. Хаця многае залежыць таксама ад ведання сваіх правоў у гэтым накірунку. Напрыклад, чалавек запатрабаваў выклікаць яго на прафілактычныя размовы па павестцы. Гэта крыху зменшыла пыл бачыць яго болей, чым запатрабавана па норме. Горш было вызваленаму палітвязню, да якога больш за паўгады і днём па некалькі разоў, і ўначы прыходзілі з праверкамі, бо пераблыталі з «хатнім» хімікам. У рэшце рэшт прыйшлося шукаць законнасць ў начальніка міліцыі. Цяпер да гэтага чалавека прыходзяць ці ён да іх раз на тыдзень.

Многім палітычным настойліва намякаюць з'ехаць, а на райвыканкамаўскіх камісіях настойліва раяць пакінуць Беларусь, каб не путаліся пад нагамі ў тых, хто будуе рай у сінявокай.
Made on
Tilda