Навіны

Берасце: затрыманы журналіст Хлябец

Ды яшчэ трое людзей. Нагода для затрыманняў — каментары і рэпосты
На фота: журналіст Максім Хлябец. Крыніца фота: ягоны Facebook
Блізкі да берасцейскіх сілавікоў тэлеграм-канал 3 траўня 2023 года апублікаваў пакаяннае відэа з удзелам 4 чалавек.

Першым з іх паказваецца Максім Хлябец. На відэа мужчына кажа, што супрацоўнічаў з «Брестской газетой», у 2020 годзе пісаў пра выбары. А затрыманы, паводле відэа, за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Таксама ў відэа паказваюцца тры жыхары Берасця і вобласці. Адзін кажа, што затрыманы за інтэрнэт-каментар пра А.Лукашэнку, другі — за каментар пра Лукашэнку і беларускіх вайскоўцаў. Трэці кажа, што распаўсюдзіў «экстрэмісцкія матэрыялы».

Як высветліла берасцейская «Вясна», адзін з затрыманых — Уладзімір Каляда з в.Альшаны Столінскага раёну. Быў затрыманы яшчэ ў сярэдзіне сакавіка 2023 года. 24.03.2023 адбыўся суд за тое, што мужчына ў «Аднакласніках» паставіў «клас» публікацыі ад «Официальная страница Хартия 97%». Суддзя Насеня вынес рашэнне: штраф памерам 20 базавых (740 рублёў) з канфіскацыяй тэлефону.

Абнаўленне 03.05.2023 15:10: як паведамляе тэлеграм-канал «Вясны», сілавікі апублікавалі старое відэа з затрыманнем Максіма Хлябца.
Made on
Tilda