Навіны

Беларускія Дзяды прайшлі ў Варшаве

2 лістапада 2024 года каля 100 чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі сабраліся на плошчы Юзэфа Пілсудскага ў Варшаве. Яны прыйшлі адзначыць традыцыйнае народнае свята памінання продкаў. Людзі трымалі ў руках плакаты, партрэты загінуўшых у турмах палітвязняў.

Адкрыўся Марш гімнам «Магутны Божа» і ўступным словам ксяндза Вячаслава Барка. Затым быў зачытаны зварот беларускага палітыка Зянона Пазьняка. На Маршы прысутнічалі прадстаўнікі Аб'яднанага Пераходнага Кабінету Аліна Коўшык і Павел Латушка. Яны выступілі таксама перад удзельнікамі Марша. Выступоўцаў было шмат. Усе звярталіся да нашых продкаў, прасілі абароны перад лукашысцкай навалай, якая забівае беларусаў, знішчае іх у турмах. Адметным было слова ксяндза Барка. Ён заклікаў людзей пазначаць свае імёны ў інтэрнэт-акаўнтах па-беларуску, вяртацца да сваёй культуры, гісторыі, успомніць свой род. Калі мы пераможам у сабе манкурта, то прыйдуць і іншыя перамогі.
Пасля выступоўцаў на плошчы Пілсудскага пад гукі барабана і дуды прыгожая калона беларусаў прайшла на плошчу Замковую, зрабіўшы прыпынак ля помніка Адаму Міцкевічу. У кожным месцы ўдзельнікі выступалі, гаварылі пра тых, каго забіў карны рэжым. У канцы людзі запалілі знічы.
2024-11-03 16:06