З палітвязня, які навучаўся за кошты бюджэту, суд пастанавіў спагнаць грошы
Бо з-за знаходжання ў СІЗА ды калоніі той не адпрацаваў "размеркаванне"
Якаў Шафарэнка скончыў берасцейскі прафесійны ліцэй будаўнікоў. Паколькі хлопец навучаўся бясплатна, то быў размеркаваны на адпрацоўку у адну арганізацыю. Вядома, што Якаў знайшоў іншую фірму, куды папрасіў яго направіць — але ж да працы там не здолеў прыступіць: быў затрыманы.
З 20 снежня 2020 года Якаў у няволі. Спачатку яго трымалі ў берасцейскім СІЗА, зараз хлопец у калоніі. Яго асудзілі з-за ўдзелу 10 жніўня 2020 ў акцыі пратэсту ў Берасці. Ды й на тым жа паседжанні яго прызналі вінаватым у крадзяжы труб — хаця на судзе Якаў не прызнаваў віну, казаў пра бясхознасць "металалому".
Тым не менш, ужо паўтары гады Якаў знаходзіцца за кратамі. Ды нядаўна, 4 і 17 траўня 2022 года Маскоўскі суд Берасця разглядаў пазоў пракурора П. на карысць будаўнічага ліцэю. Маўляў, хлопец не адпрацаваў размеркаванне, таму яму б трэба кампенсаваць 3605 рублёў у дзяржаўны бюджэт.
Суддзя Пётр Баброўскі пастанавіў: задаволіць пазоў на 3605 рублёў, а да таго ж спагнаць з Шафарэнка 180.25 рублёў дзяржаўнай пошліны.