Іншыя артыкулы

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пра правы чалавека ў Беларусі

Уладзімір Вялічкін. Фота spring96.org
Беларускі рэжым кінуў за краты ўсё кіраўніцтва «Вясны», выціснуў калектыў за мяжу, разлічваючы такім чынам паралізаваць работу праваабарончага цэнтра. Але калектыў праваабаронцаў мужна працягвае працу па дапамозе тым, чые правы топчуць ахоўнікі рэжыму. Паводле сябра «Вясны» Уладзіміра Вялічкіна, праваабаронцы праваабарончага цэнтра «Вясна» не спыняюць працы і ўсімі даступнымі метадамі абараняюць правы чалавека. Хаця з правамі чалавека ў Беларусі проста катастрофа, кажа праваабаронца. Ён лічыць, што найбольш падвержаны ўвазе «непраахоўных» рэпрэсіўных органаў Гомельская і Берасцейская вобласці. Перад усім, гэта памежныя з Украінай тэрыторыі, а Берасцейшчына яшчэ і з Польшчай мяжуе, калі не лічыць таго, што Польшча, Заходнія Беларусь і Украіна былі гістарычна звязаны ў Рэч Паспалітую і жылі як адзін народ. Таму ўвага скіравана сюды, улічваючы інтарэсы усходняй суседкі. Уладзімір Вялічкін лічыць, што, зыходзячы з гістарычных фактараў, Берасцейшчына заўсёды лічылася адной з самых пратэстных частак Беларусі і пад каток рэпрэсій патрапіла з самага пачатку. Па «масавых беспарадках» па арт.293 Крымінальнага кодэкса судзілі людзей і ў Берасці, і ў Пінску. І гэта было не адзін і не два чалавекі, а судзілі дзесяткамі. У Пінску было 2 такія групы ці нават болей. У Берасці было каля 7. Другі момант — гэта тая ж «карагодная справа», калі судзілі некалькі тузінаў. На сённяшні дзень гэта ўсё не спыняецца, таму як дзяржава скануе настрой у грамадстве. Па выніку гэтага сканавання яны бачаць, што гэты рэгіён трэба трымаць ва ўздзе, каб народ не вырваўся з-пад кантролю. І таму ўвесь час праводзяцца рэпрэсіўныя меры. Мы бачым рэйды па рэгіёнах, калі прыязджае начальнік з Менску, бярэ ў падручныя з вобласці, з раёнаў і ездзяць па рэгіёнах. Гучныя затрыманні былі ў Драгічынскім раёне, у Бярозе, Століне. Група гэтая дасягае да 10 чалавек, яны ўрываюцца ў кватэры, выбіваюць дзверы, ламаюцць мэблю, збіваюць з ног падазраванага, пакуль робяць вобшук, паспяваюць «ворагу народа» надаваць кухталёў, потым цягнуць у аддзелы міліцыі. І ўсё гэта здымаецца на відэа, якое потым шырока дэманструецца. Яшчэ любяць прынізіць чалавека па поўнай, калі нахлабучаць на затрыманага атрыбуты з бчб-сімволікай і з яўнымі прызнакамі пабояў на твары, дэманструюць яго на пакаяльным відэа. Па словах праваабаронцы, гэта не рэйд правааховы, гэта бандыцкі рэйд бандыцкай дзяржавы. Уладзімір Вялічкін упэўнены, што гэта ўсё робіцца для таго, каб утаймаваць мясцовае насельніцтва, якое не падтрымлівае дзеючую ўладу, так вось прыходзіцца жыць.

Паводле праваабаронцы, затрыманняў шмат. Але калі ў 2020 затрымлівалі, складалі пратаколы і ці то судзілі па адміністрацыйных справах, ці пісалі ў тых пратаколах, што не назіраецца складу крымінальнага правапарушэння і закрывалі справу, ці наогул адпускалі бо лічылі нязначнымі правапарушэнні. Цяпер жа гэтых людзей судзяць паўторна па больш строгіх законах, нягледзячы, што самі пісалі пра адсутнасць складу злачынства. І гэта незаконна караць два разы за адно і тое. На крыміналцы, седзячы ў зоне, таксама адбываецца тое самае. Людзям, якія лічыцца вельмі небяспечнымі для ўлады ці не падабаюцца адміністрацыі турмы ці калоніі таксама набаўляюць тэрміны. Вось такая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Проста іх няма, гэтых правоў цяпер наогул, кажа Уладзімір Вялічкін.

На думку праваабаронцы, людзі не падтрымліваюць дзеючую ўладу. Яны хочуць жыць у мірнай краіне, у якой дзейнічаюць нармальныя дэмакратычныя законы і дзе няма гвалту адных над другімі. А выстаяць людзям дапаможа салідарнасць, каб не зачыняліся на сваіх кухнях і не варыліся ў сваім саку, галоўнае, каб людзі былі разам і падтрымлівалі адзін аднаго, а праваабаронцы ўсё робяць для таго, каб сваёй дзейнасцю натхніць людзей на гэта і скіраваць людзей у гэтым кірунку.

Прваабаронцы «Вясны» падтрымлівалі і падтрымліваюць людзей у цяжкіх сітуацыях, манітораць стан у калоніях і турмах, стараюцца апублічыць вядомыя факты парушэння правоў чалавека. Прыйдзе час, калі за гэтыя неправамерныя факты, жорсткасць і тэрор абавязкова будзе панесена адказнасць.
Made on
Tilda