Навіны

Сваякі палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк даведаліся пра яе хваробу

Стала вядома, што ў Паліны Шарэнда-Панасюк хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці. Такі дыягназ стаў вядомы яе сям'і з паведамлення адміністрацыі беларускай калоніі №24 (прычым паведамленне было накіравана не сваякам, а як адказ камітэту ААН па справах дыскрымінацыі жанчын). У паведамленні гаворыцца, што Паліна Шарэнда-Панасюк прайшла клінічна-лабараторнае абследаванне, а таксама сцвярджаецца, што пасля выстаўлення дыягназу атрымала неабходнае лячэнне і лекі.

Паводле мужа Паліны Андрэя Шарэнды, ён звяртаўся за кансультацыяй да медыкаў наконт дыягназу Паліны. Панкрэатыт — гэта захворванне падстраўнікавай залозы, і ў турэмных умовах — гэта практычна смяротны дыягназ. Таму што для падтрымання падстраўнікавай у стадыі рэмісіі патрэбна строгая дыета, якасная ежа, спрыяльныя ўмовы жыцця і атрыманне добрай медычнай дапамогі, з строгім распарадкам прымання лекаў. Але ў турэмных умовах гэта проста немагчыма. Асабліва калі Паліны прыходзіцца пастаянна пакутаваць ад пераследу, надуманых абвінавачванняў, частага змяшчэння ў ШІЗА і карцары, доўгія этапы ў невыносна цяжкіх умовах. Зусім нядаўна, напрыклад, больш тыдня яна была на этапе, калі перавозілі з гомельскага СІЗА ў Рэспубліканскі цэнтр псіхіятрычнага здароўя «Навінкі» для праходжання псіхолага-псіхічнай экспертызы. Дарэчы, панкрэатыт Паліна атрымала ўжо ў калоніі. Да калоніі яна хварэла толькі на хваробу Жыльбера. Гэта захворванне пячонкі і жоўчных пратокаў трэба пралечваць 2 разы на год. І яно нашмат менш страшнае, чым панкрэатыт. Але ўжо 2 гады ад яе захворвання не прымалі лекаў, таму што жанчына амаль не выходзіла ці то з карцара, ці то з ШІЗА. Родным Паліна скардзілася на рэзкія болі ў жываце, якія цягнуліся, бывала, ад некалькіх дзён да тыдня. Яна не магла есці, моцна страчвала ў вазе. Калі казала маці, калі мне не дапамогуць, то я магу не выйсці, то яна мела на ўвазе якраз сваё цяжкае захворванне, кажа Андрэй.

Нагадаем, што Паліна павінна была выйсці на волю ў траўні 2024 года. Але супраць яе распачалі новую справу, у чарговы раз за нібы злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк трэці раз ужо «шыюць» справу па адным і тым крымінальным артыкуле 411. Замест 2-гадовага тэрміну з першапачатковага прысуду, маці двух непаўнагадовых сыноў адбыла ўжо 4 гады, пайшоў 5-ты. І ўсё толькі за тое, што яе погляды былі адрознымі ад патрабуемых цяперашнімі ўладарамі жыцця ў Беларусі.
2024-07-18 20:36