Навіны

Маладога чалавека з Івацэвіцкага раёна збіраюцца судзіць па некалькіх артыкулах

Ілюстратыўнае фота. Крыніца: rawpixel / freepik.com
Як паведаміла БелТА, Берасцейская абласная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 22-гадовага беспрацоўнага жыхара Івацэвіцкага раёна. Малады чалавек абвінавачваецца па ч.1 арт.130 КК (Распальванне варожасці), ч.1 арт.130-1 КК (Рэабілітацыя нацызму), ч.1 арт.368 КК (Абраза А.Лукашэнкі).
Нагадаем, што арт.130 і 368 часта выкарыстоўваюцца ў палітычных справах супраць беларусаў. І нават артыкул «Рэабілітацыя нацызму» таксама выкарыстоўваўся ў палітычных справах — так, баранавіцкі лекар Валер Хаменка першасна абвінавачваўся менавіта па артыкулу 130-1 КК РБ, і ў такім выглядзе пракуратура накіравала справу ў суд (хаця па сутнасці доктар абвінавачваўся ў тым, што параўноўваў прапаганду Расеі з прапагандай Трэцяга Рэйху).
А пра 22-гадовага хлопца з Івацэвіцкага раёна БелТА напісала, што ён нібыта «лічыў сябе прыхільнікам ідэалогіі нацысцкай Германіі, у тэлеграм-чатах апраўдваў і станоўча ацэньваў дзеянні зондэркаманды СС па спаленні Хатыні і іншых населеных пунктаў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, усхваляў дзеянні УПА, СС "Галічына", РГА, антысавецкай арганізацыі "Чорны кот"». Таксама маладзён, па версіі абвінавачвання, «у агульнадаступных тэлеграм-чатах размяшчаў паведамленні з крайняй ступенню непрыязнасці да прадстаўнікоў усходнеславянскіх народаў і паслядоўнікаў ісламу».
Проста нагадаем, што ў 1995 годзе, на зары свайго прэзідэнцтва, Аляксандр Лукашэнка таксама ўсхваляў Гітлера і казаў, што не ўсё так было пры ім дрэнна і наогул тады ў Германіі быў росквіт дэмакратыі. І не толькі за гэта не быў асуджаны, але нават не страціў крэсла прэзідэнта.
Made on
Tilda