У Беларусі рэпрэсіі працягваюцца ўжо 4 гады пасля жнівеньскіх мірных выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Але, як аказалася, з вялікага страху перад сваім народам людзі ў міліцэйскіх пагонах вядуць бесперапынны гвалт супраць беларусаў з пазіцыяй, якая хоць трошкі адрозніваецца ад той, што насаджваецца рэжымам. А беларускаму народу, за чый кошт яны нядрэнна жывуць, яны абавязаны па закону служыць.
Факт страху быў праяўлены ў Бярозе перад і пасля 9 жніўня 2024 года — гадавіне мірнай нязгоды з беспардоннай і нахабнай фальсіфікацыяй выбараў. Ахоўнікі рэжыму бесперапынна сачылі за вызваленымі палітвязнямі, хто меў смеласць не з'ехаць. Дзверы ў іх кватэры не зачыняліся ад няпрошаных гасцей днём і ўначы. Сілавыя лукашэнкаўскія структуры, магчыма, баяліся вывешвання бел-чырвона-белых стужачак ці сцяжкоў, альбо іншых праяў нязгоды з дзеяннямі ўлады.
Страх перад народам, якому абрыд за 30 гадоў узурпатар, прымушае іх бегаць па кватэрах і дамах, ператрасаць маёмасць, хапаць мірных грамадзян толькі за тое, што ў 2020 праявілі сімпатыі да выступоўцаў супраць падману. Як нямецкія фашысты вывалакаюць мірных землякоў з дамоў і кватэр, засоўваюць спачатку ў камеры «с особым режимом»на суткі-трое, рыюцца ў тэлефонах ахвяр. Калі там нічога не знайшлі, што можна абазначыць арт. 19.11 КоАП, усё роўна цягнуць у будынак з вывескай «суд», дзе людзі ў чорных мантыях прышыюць іншы артыкул — 24.3 КоАП (Непадпарадкаванне службовай асобе). Абслугоўваючыя рэжым так званая міліцыя і так званы суд даўно ў зговары, і затрыманыя не змогуць даказаць, што не супраціўляліся, не размахвалі рукамі, не выкрыквалі мацерных слоў. Што ў апошні час здарылася з чатырма затрыманымі з Бярозы. Адзін з якіх паважаны, цудоўны чалавек, прадпрымальнік з светлай галавой Андрэй Кнырэвіч. Яму адмерала так званая старшыня так званага Бярозаўскага суду 10 сутак. Колькі яна адмерала іншым — дакладна невядома.
Страх не дае гэтым асобам, дзейнасць якіх злачынная, спыніцца, адумацца, пакаяцца. Яны не вераць, што час іх адказнасці прыйдзе, а ён прыйдзе абавязкова.