Навіны

Рэклама крымскай нерухомасці знікла з янаўскай (іванаўскай) раёнкі

Але наўрад ці з-за розгаласу
2 верасня 2026 у 20:45 дзяржаўная райгазета Янава ў сваім тэлеграм-канале размясціла рэкламу нерухомасці ў акупаванай, небяспечнай Ялце. Гэта заўважылі журналісты незалежнага выдання BGmedia і зрабілі артыкул на гэты конт.

І, як мы заўважылі, 4 верасня 18:45 рэклама знікла.

То бок пост быў выдалены роўна праз 46 гадзін. Іншыя рэкламныя пасты, якія масава з'яўляюцца ў тэлеграм-канале янаўскай раёнкі, таксама знікаюць менавіта праз 46 гадзін.

Хаця, відаць, гэта не было свядомым рашэннем газеты (як і рашэнне размясціць менавіта тую рэкламу). Бо выглядае, што рэклама размяшчаецца аўтаматычна і нават не правяраецца нікім з рэдакцыі. Так можна пабачыць пасты, створаныя па шаблоне, але пры запаўненні шаблона пайшло нешта не так, і атрымалася рэклама віда «Загаловак аб'явы. Тэкст аб'явы». Такія рэкламы можна сустрэць у іншых тэлеграм-каналах раёнак вобласці, якія, найверагодней, падпісаліся на аналагічны сервіс размяшчэння ў іх рэкламы. Там таксама рэклама знікае раўнютка праз 46 гадзін (і мае такі ж фармат).
Чаму рэкламу вырашылі аўтаматычна выдаляць, мы не ведаем дакладна. Але бачым 2 тлумачэнні. Па-першае, верагодна, праз яе вялікую колькасць (на дзень тэлеграм-каналы раёнак размяшчаюць у сярэднім 4 штукі). Па-другое: пасля 2 дзён рэклама ўсё роўна амаль не збірае праглядаў. Так што да моманту выдалення тая ж спрэчная рэклама крымскай нерухомасці атрымала 1.1 тысячу праглядаў, і наўрад ці магла б сабраць значна болей.

Па нашых назіраннях, аналагічна паводзяць сябе яшчэ некалькі раёнак вобласці. Таксама рэклама з'яўляецца (і выдаляецца праз 46 гадзін) у драгічынскай, столінскай, пінскай, лунінецкай раёнках. У іншых раёнках вобласці такога не заўважана.

Але за гэтыя няпоўныя 2 дні рэклама паспявае прасоўваць азартныя стаўкі, нерухомасць у небяспечным акупаваным Крыме на тысячы беларускіх карыстальнікаў.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-09-08 14:04