Напэўна, самыя ўпартыя з беларускай дыяспары працягваюць выходзіць у цэнтр Варшавы на штотыднёвыя акцыі салідарнасці. На гэтых акцыях падтрымліваюць тых беларусаў, якіх ужо няма ці якія сядзяць за кратамі.
23 лістапада пайшоў першы снег, які не напужаў удзельнікаў акцыі. На гэты раз людзі гаварылі пра пісьменніка і сапраўднага Грамадзяніна Уладзіміра Караткевіча, чыталі яго вершы. Таксама гаварылі пра Слуцкі збройны чын, калі ўсе мужчыны Случчыны ўсталі пад ружо, каб абараніць свабоду, незалежнасць і дабрабыт. Слуцкі збройны чын — узброеная барацьба за незалежнасць Беларусі, якая адбылася ў 1920 годзе ў раёне Слуцка. Гэта была спроба абараніць незалежнасць Беларусі ад Савецкай улады. Паўстанне пачалося 27 лістапада 1920 года і стала адной з нямногіх узброеных спроб беларусаў у ХХ стагоддзі дамагчыся незалежнасці. Мэтай паўстання была абвешчана абарона незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Слуцкае паўстанне, нягледзячы на гераічнасць яго ўдзельнікаў, не дасягнула сваёй галоўнай мэты — адстаяць незалежнасць Беларусі. Аднак яно мела шэраг важных вынікаў і наступстваў: Слуцкае паўстанне стала адным з яркіх сімвалаў беларускага супраціву і барацьбы за незалежнасць. Яно паказала імкненне беларусаў да стварэння ўласнай дзяржавы і замацавала гэтую ідэю ў нацыянальнай свядомасці. Яшчэ доўгі час, як сказаў лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, рэпрэсавалі тых, хто застаўся жывы з паўстанцаў і іх сем'яў, хаця аб'яўлялі амністыю і кожны раз хлусілі. Тых, хто паверыў, і сам здаўся, знішчалі.
Цяпер знішчаюць зноў лепшых. Размова павярнулася да нашых палітвязняў, якіх паланіў Лукашэнка, і якіх неміласэрна знішчаюць у калоніях.
Выступіў пружанец, экс-палітвязень Алег Кулеша. Напярэдадні ён стаў лаўрэатам прэміі Аляхновіча. Кулеша паабяцаў і далей пісаць вершы, годныя часу і людзей.