Навіны

Памерла актывістка з Белаазёрску

Упарта змагалася, але не дачакалася. 6 кастрычніка 2025 не стала прадпрымальніцы з Белаазёрску, грамадскай актывісткі 52-гадовай Валянціны Тарасюк. Жанчына загінула ў дарожна-транспартным здарэнні, вяртаючыся на ровары ад хворай старэнькай маці, якую яна наведвала штодзень.

Упершыню з Валянцінай мы сустрэліся ля бярозаўскага суда, куды яе прывезлі з ІЧУ Бярозаўскага РАУС за ўдзел у пікеце пасля выбараў 2020. Да 2020 года жанчына працавала індывідуальнай прадпрымальніцай у будаўнічай сферы. Сваю справу яна рабіла добра і мела шмат кліентаў. У палітыцы не ўдзельнічала, але марыла жыць у дэмакратычнай краіне, пабудаванай на прынцыпах законнасці і справядлівасці, таму выйшла бараніць свой голас адразу пасля выбараў. Калі пачаліся жорсткія рэпрэсіі супраць мірных грамадзян, стала ўпарта выходзіць на адзіночныя пікеты з бел-чырвона-белым сцягам, хаця гадавала сама дваіх сыноў, аднаму з якіх было толькі 10 гадоў. Яе судзілі, штрафавалі, кідалі за краты ў невыносныя ўмовы. Ніколі не забуду, калі ў халодныя дні яе схапілі ў тонкай белай кашульцыі кінулі ў ІЧУ. Я з болем глядзела на яе, змучаную, худзенькую, але не зламаную. Сваю пазіцыю Валянціна акрэсліла ў вершы «Ваўчыца»:
Я волчица с голодным брюхом,
Я такою останусь и впредь.
Пусть мгновенья свистят над ухом,
Я назло им не буду стареть.

Цепь конечно, надежное дело,
Скажут мне дворовые псы.
Только как же мне надоела
Конура да кусок колбасы!

Мое счастье — охота ночная.
Моя крыша — небесный свод.
Где искать меня — ветер знает.
Пес цепной меня не найдет.

Мне одна награда — свобода.
Я устрою кровавый пир.
Мне противна цепная порода,
Что на кость меняет весь мир...

Что за серым высоким забором
Шавке в будке уже не понять.
Мир свободный ей кажется вздором:
Кто ж ей косточку будет давать??

Ну, а мне — лишь ночная погоня.
Ну, а мне — только полог лесной.
Волчьи стаи — в свободной зоне,
Между лесом ночным и луной...
Моцна шкада, што яна не дачакалася свабоднай Беларусі, што сыны засталіся без маці, а маці без клапатлівай дачкі. Смуткуем па заўчаснай смерці цудоўнага чалавека, змагара за лепшую будучыню і выказваем родным свае глыбокія спачуванні. Беларусь у чарговы раз панесла вялізную страту: не стала адной з лепшых яе дачок, якая не была на кіраўнічых ролях, але была той цаглінкай, без якой не будуецца дом. Рэжым не пакідаў Валянціну ў спакоі ўсе гады пасля 2020, але па сямейных абставінах яна не магла пакінуць радзіму і не хацела гэтага рабіць. Няхай ёй будзе лепш у іншым свеце.
2025-10-23 11:33