У Вярхоўным судзе 18 кастрычніка 2022 года разглядалі апеляцыйную скаргу на прысуд Юліі Лаптановіч. Нагадаем, у ліпені абласны суд Гародні вырашыў пакараць палітзняволеную па дліннаму шэрагу артыкулаў, і прызначыў штраф памерам 80 базавых, 5000 рублеў маральнай кампенсацыі пракурору Вадзіму Багатка, а да таго ж 5 год калоніі.
Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», Вярхоўны суд трошачкі перагледзеў рашэнне суду першай інстанцыі. Так, замест 2560 рублёў штрафа прыйдзецца заплаціць амаль на тысячу рублёў менш. А замест 5 год зняволення Вярхоўны суд вырашыў адправіць Юлю Лаптановіч — маці трох дзяцей — усяго на 4 гады 9 месяцаў у калонію.
Пазоў на карысць Вадзіма Багатка Вярхоўны суд не мяняў. Такім чынам, Юля Лаптановіч мусіць заплаціць яму 5 тысяч рублёў. Нагадаем, што менавіта гэты пракурор быў адным з дзвюх пракурораў на судзе, калі Юлю судзілі ў першы раз (і там жа судзілі яе мужа Ігара). Тады пракуроры Багатка і Буры патрабавалі даць пружанцу Ігару Лаптановічу 2.5 гады калоніі (па «карагоднай справе», а таксама нібыта за паклёп на мясцовую выбарчую камісію). Менавіта такое пакаранне Ігару ў выніку і далі.
А згодна з другім прысудам, які зараз абскарджваўся ў Вярхоўным судзе, Юлю прызналі вінаватай па наступных артыкулах Крымінальнага Кодэксу: арт.188 (Паклёп); ч.3 арт. 203-1 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальнай інфармацыі); ч.1 арт.361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці); ч.1 арт.13 і арт.369 (Стварэнне ўмоваў для здзяйснення абразы прадстаўніка ўлады); ч.1 арт.13 і арт.389 (Стварэнне ўмоваў для здзяйснення пагрозы ў дачыненні да суддзі); ч.6 арт.16 і ч.1 арт.366 (Садзейнічанне да пагрозы гвалтам у дачыненні да службовай асобы).
Ігар ды Юля Лаптановічы — пружанцы, шматдзетныя бацькі. Ігар за кратамі з 24 сакавіка 2021, Юля з 13 кастрычніка 2021. Дома іх чакаюць трое дзяцей.