Навіны

У сярэдзіне снежня палітычным «хатнім хімікам» вобласці пагоршылі рэжым

Скрыншот паведамленняў аднаго тэлеграм-чату ад 12.12.2022

Як стала вядома «Берасцейскай Вясне», у канцы 2022 году быў пагоршаны рэжым асуджаных да «хатняй хіміі». Цяпер замест дзвюх гадзін знаходжання на вуліцы па асабістых справах застаецца толькі адна. Для працуючых на вытворчасці — гэта гадзіна абедзеннага перапынку. Пасля працы яны павінны быць дома.

Хатняй рамесніцы, маці-адзіночцы Вользе Крондзе з Івацэвіч гэтай гадзіны хапае толькі прывесці і адвесці дачку ў дзіцячы садок. Але пяцігадовая дачка Вольгі рыхтуецца да школы, наведвае тры гурткі, стаіць на медычным уліку ў трох урачоў у Брэсце, якіх няма ў Івацэвічах, а яшчэ ёй трэба адсылаць праз пошту свае вырабы заказчыкам. Бо гэта адзіны заробак у сям'і. Былы начальнік Івацэвіцкага РАУС і інспектар, які працуе непасрэдна з Вольгай Крондай, не хацелі слухаць пра яе праблемы. Яна папрасіла паказаць ёй завераную паперу пра змяненне рэжыму, не паказалі.

Як нам стала вядома, зараз змяніўся начальнік Івацэвіцкага РАУС. Цяпер ён разбіраецца ў праблемах Кронды. З'явілася спадзёва, што праблемы будуць хаця б часткова вырашаны.
З астатняга, па словах іншых асуджаных, начамі сталі правяраць часцей, а таксама сталі патрабаваць тэлефоны, каб кантраляваць, ці не «пасуцца» «хімікі» у экстрэмісцкіх чатах.

Вольга Кронда з Івацэвіч двойчы асуджана агулам на тры гады «дамашняй хіміі» за абразу аднаго і таго міліцыянта Руслана Куцко ў інтэрнэце. «Пацярпеламу» па рашэнню Івацэвіцкага суда яна павінна выплаціць 3000 за маральныя пакуты і 1600 рублёў штрафу ў даход дзяржавы. Віны жанчына не прызнала.
Made on
Tilda