Навіны

Акцыя памяці і салідарнасці ў Варшаве

28 снежня 2025 года ў цэнтры Варшавы прайшла акцыя памяці беларускага адраджэнца, журналіста і блогера Мікіты Мелказёрава, які раптоўна памёр 21 снежня ва ўзросце 37 гадоў. У сваім выступе перад удзельнікамі акцыі арганізатар акцыі, сябра Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Васіль Плешкуноў сказаў, што Мелказёраў не быў палітвязнем, не быў героям, які загінуў на вайне, але ж гэта быў такі чалавек, якога ведалі ўсе беларусы. Ён атрымаў шырокую папулярнасць як аўтар і вядоўца YouTube-канала «Жыццё-маліна». Да гэтага ён працаваў у такіх медыя, як «Onliner» і «TRIBUNA». Яго дзейнасць, асабліва ў сацыяльных сетках, сабрала значную аўдыторыю, што сведчыць пра яго ўплыў і запатрабаванасць у інфармацыйнай прасторы. Мікіта вёў папулярную перадачу на «Белсаце» «Мова на нова», якая трымала ля тэлевізійных экранаў таксама шмат беларусаў, якіх ён заахвочваў вывучаць найперш родную мову, чаму і спрыяў.

Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава, якая прыйшла на акцыю з сям'ёй, заклікала прыйсці на развітанне з Мелказёравым у Варшаве з 12 да 15 гадзін 30 снежня.

Шчырыя спачуванні выказаў сям'і нябожчыка і ўсім беларусам грамадскі актывіст родам з Берасця Аляксандр Сахарук. На яго думку, калі паміраюць лепшыя, цяжка ўсім нам.
Удзельнік акцыі лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык напомніў прысутным пра героя Беларусі Вінцэнта Гадлеўскага — каталіцкага святара, грамадскага дзеяча, публіцыста, які быў арыштаваны немцамі 24 снежня 1942 года і неўзабаве закатаваны ў Трасцянцы. Таксама Сіўчык нагадаў прысутным пра Міколу Статкевіча.

На акцыі прысутнічалі і новапрыбыўшыя ў Варшаву палітвязні, яны выступалі пра набалелае, дзякавалі за добра арганізаваны прыём, нават чыталі свае вершы.

У канцы мерапрыемства быў зроблены агульны здымак.
Made on
Tilda