Навіны

Забітыя, але не забытыя

Беларусы Кракава адзначылі «Ноч растраляных паэтаў» адразу некалькімі мерапрыемствамі

Беларусы Кракава на сустрэчы з Артурам Камароўскім 29.10.2022

Беларусы Кракава ўспомнілі забітую сваю эліту сталінскімі злачынцамі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

Даведка: што адбылося ў ноч з 29 на 30 кастрычніка ў 1937 годзе?
У тую ноч супрацоўнікі НКВД забілі больш за 100 беларускіх дзяржаўных і культурных дзеячаў, навукоўцаў. Сярод іх былі 22 літаратары. Штогод беларусы ўшаноўваюць памяць ахвяраў, ладзячы мерапрыемствы. Раней акцыі традыцыйна праходзілі ў Менску, ва ўрочышчы Курапаты — месцы масавага растрэлу савецкім рэжымам людзей на працягу доўгіх год.

Акцыю памяці ў Кракаве распачалі 29 кастрычніка яшчэ а 13 гадзіне з выступу беларускага дзіцячага тэатру. Далей дзейства працягнулася а 17 гадзіне выступам Артура Камароўскага — рэдактара часопіса «Таўбін». Ён расказаў пра сваё выданне, пачытаў свае вершы і іншыя з падборкі, прымеркаваныя да гадавіны «Чорнай ночы расстраляных паэтаў». Чыталі вершы знішчанай літаратурнай эліты і дзяліліся ўспамінамі ўсе, хто жадаў з прысутных на вечары памяці.
— Нікога не трэба было запрашаць да мікрафону, людзі ішлі самі, — кажа арганізатарка акцыі Кася Іофе.

Гэта не першая акцыя памяці знішчанай ў 1937 нашай эліты. Але ў гэтым годзе памяць пра забітых літаратараў адзначылі разам з украінскай дыяспарай ля дрэва свабоды. Гэтае дрэва свабоды, пасаджанае ў зямлю з месцаў масавых расстрэлаў па ўсёй Еўропе. Пад ім ёсць зямля са Львова і Курапат. На гэтым месцы людзі з беларуска-украінскай дыяспары прыгадвалі імёны сваіх забітых. Артур Камароўскі зрабіў падборку ў сваім часопісе не толькі вершаў забітых паэтаў, але і ўкраінскіх, перакладзеных на беларускую мову. Чым прыемна здзівіў прысутных украінцаў, якія выказалі вялікую падзяку за памяць і іх забітых літаратараў. Акрамя чытання вершаў, спявалі песні на беларускай і ўкраінскай мовах. Вечарына, прысвечаная «памяці расстралянай беларускай эліты, сярод якой былі 22 беларускія паэты», скончылася ў кавярні, дзе выступалі музычныя калектывы.

Акцыя беларусаў Кракава 29.10.2022 ля помніка Адаму Міцкевічу (помнік знаходзіцца на галоўнай плошчы Кракава)

Паводле Касі Іофе, тады, у ноч з 29 на 30 кастрычніка, былі бязвінна забітыя лепшыя з лепшых беларусаў. І гэтая страта адгукаецца ўсе 85 год на лёсе нашай нацыі. Акрамя таго, што гэта былі асобы — гэта яшчэ і сімвал нас саміх, хто выйшаў у 2020 на мірныя акцыі за свабоду і справядлівасць, якая не настала. І гэта ўжо адбываецца не першае стагоддзе. Але надзея жыве і час вяртанне бежанцаў хутка настане, упэўнена Кася.
Made on
Tilda