Іншыя артыкулы

Чыноўнікі не хочуць слухаць скаргі грамадзян?

Нядаўнія змены ў закон аб зваратох грамадзян ускладняюць працэс камунікацыі з чыноўнікамі, мяркуе аўтар шматлікіх зваротаў да іх


2 студзеня 2023 г. уступілі ў сілу змены, унесеныя ў Артыкул 25 закона Рэспублікі Беларусь «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб». У сувязі з гэтым падача электронных зваротаў будзе магчымая толькі праз сайт «дзяржаўнай рэспубліканскай інфармацыйнай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб».

Паводле Аляксандра Краўчука (жыхар вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна, мае інваліднасць 2 групы), гэтыя змены аддалілі грамадзян ад чыноўнікаў. Калі раней падаць электроннае пісьмо было дастаткова проста, то цяпер працэдура значна ўскладнілася. Цяпер, каб падаць зварот, трэба зарэгістравацца на сайце. У выніку чаго з’явіцца асабісты кабінет. Туды будуць прыходзіць паведамленні і прозвішчы чыноўнікаў, пытанні да якіх ставіў грамадзянін. Яшчэ трэба абавязкова падцвердзіць рэгістрацыю праз мабільны тэлефон, уліковы запіс нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы (можна атрымаць у любым аддзяленні пошты) або сертыфіката адкрытага ключа. Але і гэта яшчэ не ўсё. Па словах Краўчука, цяпер з'яваліся шмат абмежаванняў, калі ліст могуць не зарэгістраваць. Каб далі пісьмовы адказ, трэба папярэджваць, інакш адказу не будзе. Ён лічыць, што грамадзянам, у якіх слабая кампутарная пісьменнасць, будзе складана звяртацца. Закон абмяжоўвае правы грамадзян, пры гэтым, чыноўнікі спрабуюць максімальна сысці ад прамых кантактаў з грамадзянамі.

Чытайце таксама (знешняя спасылка):

Аляксандр Краўчук

Сярод зменаў у законе «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб» звяртае ўвагу таксама тое, што кніга зваротаў грамадзян будзе толькі ў месцах па абслугоўванні насельніцтва. Дзяржаўныя органы яе ўжо мець не будуць. Без згоды чыноўніка цяпер нельга будзе правесці аўдыё і відэазапіс. А згоды (хутчэй за ўсё) не будзе ніколі, бо чыноўнікі не любяць фіксацыі іх размоў падчас сустрэч.

Для зваротаў, якія маюць масавы характар, вылучаецца асобны артыкул. Пад яго будуць падпадаць як электронныя, так і пісьмовыя звароты аналагічнага характару ў колькасці больш за 10. Калі пасля размяшчэння адказу на іх на афіцыйным сайце арганізацыі паступяць іншыя аналагічныя пісьмовыя або электронныя звароты, іх разглядаць не будуць і адказ не дадуць. Гэта таксама звузіць магчымасці для калектыўных заяў. Бо аднолькавыя праблемы могуць быць у розных месцах.

Па словах Аляксандра Краўчука, ён ужо заўважыў у канцы мінулага году чаканне чыноўнікамі дадзеных перамен. Бо гэта, на думку мужчыны, збавіць іх ад адказу на хуткую скаргу ў кнізе зваротаў грамадзян. А значыць, збавіць іх яшчэ больш ад адказнасці перад людзьмі за сваю нядбайную работу.
2023-01-15 15:58