Навіны

Адкрыццё ў Варшаве выставы пад адкрытым небам «Муры»

19 траўня 2024 года ў цэнтры Варшавы адкрылася інтэрактыўная выстава «Муры». Мерапрыемства прымеркавана да Дня палітвязня 21 траўня. На дроце, які ўвасабляў сабою турэмную агароджу, былі вывешаны здымкі палітвязняў. Іх было так шмат, што прахожыя і госці Варшавы звярталі ўвагу, падыходзілі, разглядалі, фатаграфавалі. Хаця, канешне, былі размешчаны здымкі далёка не ўсіх, хто сядзіць за кратамі па палітычных матывах.

У акцыі прынялі ўдзел і выступілі перад удзельнікамі былыя палітвязні, якія параўнальна нядаўна вызваліліся і на днях быллі эвакуіраваны з Беларусі ў Польшчу. Яны расказалі пра цяжкі лёс тых, каго рэжым узяў у закладнікі, пра катаванні і страшныя ўмовы палітзняволеных.

На акцыі прысутнічала Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні, і кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Усе выступоўцы на акцыі аказвалі словы падтрымкі палітзняволеным. Па словах арганізатара акцыі Васіля Плешкунова, ніякія пагрозы з боку рэжыму не заставяць забыць пакутнікаў за дэмакратыю, незалежнасць і волю. Беларусы Варшавы будуць змагацца ўсімі даступнымі метадамі за вызваленне бязвінных людзей, якіх дыктатар узяў у палон. У канцы акцыі беларуская мастачка ў Польшчы Яна Шостак правяла свой знакаміты перфоманс «Хвіліна крыку».
Made on
Tilda