Навіны

Будні палітвязня Уладзіміра Гундара

Як стала вядома берасцейскай «Вясне» ад дасведчанай крыніцы, ужо пэўны час ад Уладзіміра Гундара штотыдзень прыходзяць лісты да яго сям'і, дзе палітвязень расказвае пра свае будні. Ён з кастрычніка месяца 2023 г. знаходзіцца ў камеры-адзіночцы, рэжыму не парушае. Яму дазволена рэгулярнае ліставанне і 15-хвілінная тэлефонная размова ў месяц. Праўда, ў чэрвені-2024 размовы яшчэ не было. Перадач Гундар пазбаўлены да вясны 2025 года, да верасня бягучага года — спаткання. Як будзе далей — пакажа час. Можа атаварвацца ў турэмным ларку на 80 рублёў. Здароўе пакуль трымаецца. Настрой таксама. І ў гэтым для дамашніх шчасце.

Нагадаем, што палітвязень Уладзімір Гундар пакараны 20 гадамі пазбаўлення волі. Знаходзіцца за кратамі з 30 снежня 2020 года. Пакаранне адбываў у бабруйскай калоніі №2. У кастрычніку 2023 г. быў адпраўлены ў магілёўскую турму №4, дзе да гэтага часу знаходзіцца ў камеры-адзіночцы.
2024-06-25 12:58