Навіны

Прызнаць КДБ-ФСБ тэрарыстамі

Такая петыцыя з'явілася на Change.org
Палітык Зміцер Балкунец падрыхтаваў петыцыю да кіраўнікоў дэмакратычных краін і іх парламентаў аб прызнанні КДБ Беларусі і ФСБ Расіі тэрарыстычнымі арганізацыямі.

— Гэтыя структуры гуляюць ключавую ролю ў падтрымцы дыктатарскіх рэжымаў у абедзвюх краінах, ажыццяўляючы палітычныя рэпрэсіі, душачы іншадумства і ўжываючы гвалт супраць грамадзянскага насельніцтва. Дадзеныя арганізацыі дзейнічаюць зладжана, служаць толькі інтарэсам дыктатараў і наносяць вялізныя гістарычныя страты для сваіх краін і народаў. Пад іх кіраўніцтвам ажыццяўляецца палітычны тэрор, накіраваны на знішчэнне апазіцыі, прыгнечанне свабоды слова, пераслед журналістаў, бізнесменаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў рэлігійных канфесій і розных нацыянальнасцяў, а таксама правядзенне антысеміцкай палітыкі, што вядзе да разбурэння дэмакратычных інстытутаў і парушэння асноўных правоў чалавека. Гэтыя арганізацыі актыўна распаўсюджваюць хлусню, маніпулюючы грамадскай думкай і апраўдваючы рэпрэсіі, узмацняючы атмасферу страху ў грамадстве. Яны распрацоўваюць і ўкараняюць палітыку рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, забяспечваючы агрэсіўныя дзеянні на знешняй арэне і ствараючы пагрозы для міру. Іх дзеянні спрыяюць распаўсюджванню тэрору, падрываючы бяспеку ў Еўропе і ва ўсім свеце, — гаворыцца ў тэксце петыцыі.

На гэтай падставе аўтары петыцыі просяць «прызнаць ФСБ Расіі і КДБ Беларусі тэрарыстычнымі арганізацыямі; дадаць ФСБ Расіі і КДБ Беларусі ў афіцыйныя спісы тэрарыстычных арганізацый на нацыянальным і міжнародным узроўнях». Балкунец заклікае падпісаць заяву ўсіх, хто згодзен з такой пазіцыяй, хто не баіцца і каму гэта бяспечна. У ліку публічных падпісантаў можна знайсці імя Аляксандра Кабанава.
Made on
Tilda