Навіны

Пікет салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ля польскага Сейма

Варшава, 12 студзеня 2024. Фота Берасцейскай Вясны
Больш за дзесятак беларусаў Варшавы 12 студзеня 2024 правялі пікет салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. Нягледзячы на халоднае, золкае надвор'е, людзі з плакатамі і бел-чырвона-белымі сцягамі 2 гадзіны прастаялі ля польскага Сейма. Мэта акцыі — звярнуць увагу новага польскага ўраду і новага польскага Сейму на праблемы палітзняволеных і не толькі беларускіх, сярод іх ёсць і палякі.

Паводле ўдзельнікаў акцыі, самы дзейсны спосаб вызвалення палітвязняў — гэта пагроза перакрыцця чыгуначнага транзіту. Гэтага хапіла ў 2021 годзе, каб спыніць паток мігрантаў з Афрыкі і Азіі, якія з боку Беларусі рваліся на тэрыторыю Еўразвяза. Паводле аднаго з ўдзельнікаў акцыі, калі сёння будзе спынены рух грузавых цягнікоў, якія ідуць з Кітаю, то беларускія палітвязні будуць на волі.

Таксама падрыхтаваная петыцыя з больш як 700 подпісаў, дзе людзі патрабуюць ад польскіх уладаў зрабіць ультыматум беларускаму рэжыму, што калі беларускія палітвязні не будуць вызваленыя, то спыніць чыгуначныя грузаперавозкі, якія ідуць праз Беларусь. Петыцыя перададзена ў польскі Сейм.

Гэта не першы пікет салідарнасці з палітвязнямі, які праводзіцца беларусамі ля розных польскіх устаноў. Але зварот у такім кантэксце пададзены ўпершыню.
Made on
Tilda