Навіны

У Пінску ўсё-ткі прадалі кватэру былога суддзі, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў

Справа Аляксей Пацко, фота Радыё Свабода. Злева дом, дзе знаходзіцца кватэра Пацко, фота БелЮрЗабеспячэння
7-8 красавіка 2026 адбыўся аўкцыён, на якім беларускія ўлады прадалі кватэру Аляксея Пацко. На аўкцыёне знайшлося 2 ахвочых, якія змагаліся за яе набыццё. У выніку перамог той, хто зрабіў стаўку ў 110 040 рублёў.

Гаворка пра 2-комнатную кватэру плошчай 59.3 м2 па адрасе Пінск, вул.Брэсцкая 142Г.

Нагадаем, што сам Пацко не ведае, чаму яго нерухомасць была выстаўлена на таргі. Пра гэта ён сам распавядаў нядаўна журналістам. Кватэра была ўзята ў крэдыт, які плаціўся спраўна. Тым не менш, беларускія ўлады вырашылі прымусова пазбавіць Пацко гэтай кватэры.
Першая спроба ўладаў прадаць кватэру Пацко была непаспяховай. На аўкцыёне 19.02.2026 не знайшлося ніводнага ахвочага набыць кватэру. Але ўлады знізілі стартавую цану таргоў, і з другой спробы ўсё-ткі пазбавілі Пацко нерухомасці.
Гэта не першы выпадак, калі ўлады ў Беларусі пазбаўляюць маёмасці па палітычных матывах. Так, у лістападзе 2025 у Берасці з аўкцыёна прадалі кватэру палівязня Чопіка. У тым жа месяцы ў Баранавічах прадалі гараж палітвязня Барыса Крыцкага.

Нагадаем, што Пацко працаваў суддзёй у Пінску, і калі ў жніўні-2020 атрымаў загад даваць усім пратэстоўцам па 15 сутак — адмовіўся (таму спачатку быў вымушаны сысці з пасады, а потым сам сутыкнуўся з пераследам). Знаходзіцца за мяжой.

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda