Пра людзей

А калі б пачалі страляць...

Берасцейская сям'я ўспамінае свае ўцёкі за мяжу. І распавядаюць пра планы на будучыню
Маргарыта Свігло з Берасця перабегла з сям'ёй беларуска-літоўскую мяжу ў студзені 2022 года. Цяпер яна з жахам успрымае свой пабег з двума малымі дзецьмі: сынам 13 гадоў і 5-гадовай дачкой. Яны спачатку беглі па лесу. Муж з двума заплечнікамі (адзін спераду, другі за спіной) і на плячах малая. Страх быць затрыманымі гнаў іх. Калі выбеглі на возера, то муж, ступіўшы на лёд, праваліўся ў ваду па калені. Пераапранацца не было часу, працягнулі шлях. Аддыхаліся толькі на тэрыторыі Літвы. І толькі тут дайшло да Маргарыты, што вялікай рызыцы яны падверглі сваіх малых дзяцей: «А калі б на беларускім баку пачалі страляць?»

Чаму прыйшлося ўцякаць сям'і Свігло з Беларусі так раптоўна і экстрэмальна?

Да палітыкі Маргарыта ніколі не ставілася раўнадушна. Яна ездзіла ў Мінск і ў 2010, на шчасце, не была затрымана, а потым з мужам пільна назіралі да 2020 за ўсімі палітычнымі падзеямі.

А вось у 2020 не змаглі застацца раўнадушнымі, калі ўбачылі, як жорстка б'юць людзей міліцыянты, абараняць якіх давалі клятву. Працуючы ў цэнтры горада ў рэстаране адміністратарам, Маргарыта ўпускала ў парадны ход людзей, што ўцякалі ад міліцыянтаў, а праз тэхнічны ход выпускала. І гэтага ім не даравалі. Прышлі на работу да мужа і да яе таксама ў кастрычніку 2021. Муж працаваў у Берасцейскім філіяле мінскага завода він. Ён быў добрым спецыялістам, і неяк яго нават не звольнілі — а вось яе гаспадар быў вымушаны звольніць, інакш бы рэстаран закрылі. На работу нідзе не ўзялі. А ў студзені 2022 за імі прышлі.

Бацькі з дзецьмі інтэгруюцца, але бацькі хочуць вярнуцца на Радзіму

У Літве, якая прыняла сям'ю Свігло, літоўскія журналісты ў першыя ж дні спыталі 5-гадовую дачку, як ім удалося збегчы — яна паказала на крыжык на шыі і адказала: «Бабуля перад дарогай дала гэты крыжык, вось крыжык і Бог дапамаглі нам уцячы». Цяпер дзеці ходзяць у школу, вывучылі літоўскую, дарослыя працуюць. Маргарыта з мужам плануюць кальсьці вярнуцца на радзіму, а дзеці — «як захочуць».
2025-09-30 17:55