Пра людзей

Жыццё на волі былых палітвязняў

— Выходзіў на волю, пакуль ішоў праз тэрыторыю калоніі і выйшаў за вароты ў вялікім напружанні, асцерагаўся, што ў любую хвіліну могуць развярнуць на новы тэрмін. Але прайшло ўсё добра. Калі прыехаў дадому і ўжо пасля першых дзён перабывання дома, умяшання міліцыі ў маё прыватнае жыццё (пасля таго, як я адбыў тэрмін цалкам), устанаўленне за мною надзору на 2 гады, запіс мяне ў групу экстрэмістаў, зразумеў, што трапіў у другую турму, прыняў рашэнне з'ехаць і не памыліўся. Праз тры месяцы пасля вызвалення на мяне завялі новую крымінальную справу і на сёння паспелі завочна мяне асудзіць, — гаворыць былы палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка.

Горш тым, хто не з'ехаў.

— Кожны дзень пад наглядам пасля вызвалення ходзіш як па шклу. Хаця адбыла пакаранне цалкам. Зноў жа шчыльны нагляд, калі без дазволу нельга ступіць за межы горада і нават спачатку за межы кватэры. Абвешалі пад'езд камерамі назірання, далі заданне суседзям, і цяпер ведаюць пра кожны мой крок. Калі іду ў лес за грыбамі, то выяўляю назіранне нават там. А вось пра суседзяў нават і падумаць не магла, што яны старанна сочаць і пасля кожнага нават нязначнага майго варушэння, бягуць дакладаць. Трэба адзначыць, што на данос суседзяў-стукачоў міліцыя рэагуе імгненна. Тут жа з'яўляюцца на праверку факта. На жаль, сваіх суседзяў лічыла прыстойнымі людзьмі. Некаторыя з вышэйшай адукацыяй і былі кіраўнікамі ў свой час. Я вось думаю, што час высвеціў нашых людзей як рэнтгенам. Але я не думала, што будзе так шмат стукачоў. А іх поўна, што ў калоніі, што на волі. У калоніі іх вылічваеш і трымаешся на адлегласці, а з суседзямі і былымі супрацоўнікамі сустракаешся часта, асабліва з суседзямі, і што б ты не думаў пра іх, выгляду стараешся не падаць, што даведаўся, бо падашлюць іншага, каго не будзеш ведаць, — расказвае былая палітзняволеная Вольга (імя зменена ў мэтах бяспекі).

Паводле былой палітзняволенай Алены (імя зменена), якая таксама адбыла тэрмін поўнасцю, яе ўжо правяралі рэдка, але перад 9 жніўня з нагоды гадавіны тых праклятых выбараў сталі хадзіць па некалькі разоў ўначы і яшчэ больш днём. Дык гэта ўсяго гадавіна, а што ўжо будзе перад так званымі выбарамі. А нервы ўзнавіцца не змаглі яшчэ пасля калоніі, хаця ўжо хутка і нагляд заканчваецца, калі не прыдумаюць чаго-небудзь і не працягнуць нагляд. Кажуць, увялі ўжо такую моду. Гэта ж здурэць можна. Колькі ўжо год «пад аперамі» хадзіць. Прыйдзецца на гэты час шукаць, куды з'ехаць. Цяжка такое жыццё назваць жыццём на волі.
2024-08-21 19:29