Іншыя артыкулы

«Чарнобыльскі шлях» працягнецца

Мерапрыемствы пройдуць за мяжой [дапоўнена]
26 красавіка 2026 года ў гісторыі Беларусі перапляліся дзве трагічныя і знакавыя даты. Першая — 40-я гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якая стала адной з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф у гісторыі. Другая — 30-годдзе «Чарнобыльскага шляху-1996» — акцыі, якая з гадавіны памяці ператварылася ў сімвал супраціву рэжыму. «26 красавіка — дата абсалютна пякельная для беларускай нацыі», — кажа адзін з арганізатараў першых акцый Вячаслаў Сіўчык. Гэтыя падзеі назаўжды змянілі лёс краіны і яе народа.

З нагоды 40-годдзя аварыі на ЧАЭС беларусы ў замежжы правядуць наступныя мерапрыемствы і акцыі:
  • Батумі. 26.04.2026. Экаквіз для дзетак. Падрабязнасці
  • Батумі. 26.04.2026. Кінапаказ фільма «Аўрора». Падрабязнасці
  • Беласток. 26.04.2026. Чарнобыльскі Шлях. 17:00, skwer Wolnej Białorusi 1
  • Варшава. 24.04.2026. Дабрачынны рэйв Belarus Outside Sound System. Падрабязнасці
  • Варшава. 25.04.2026. Спадчына «чарнобыльскага» руху праз 40 год. Падрабязнасці
  • Варшава. 26.04.2026. Чарнобыльскі Шлях-2026. Падрабязнасці
  • Вільнюс. 25.04.2026. Экаквіз для дзетак. Падрабязнасці
  • Вільнюс. 25.04.2026. Кінапаказ фільма «Аўрора». Падрабязнасці
  • Вільнюс. 26.04.2026. Забег і велапрабег, прысвечаны памяці ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Падрабязнасці
  • Вільнюс. 26.04.2026. Мітынг і канцэрт з удзелам беларускіх і літоўскіх палітыкаў. Падрабязнасці
  • Вільнюс. 26.04.2026. Чытка ўрыўкаў кнігі «Чарнобыльская малітва» з удзелам беларускіх дзеяч_ак. Падрабязнасці
  • Вільнюс. 27.04.2026. Тэрмаядзерны стэндап. Падрабязнасці
  • Капенгаген. 27.04.2026. Лекцыя і размова з Ціне Розен. Падрабязнасці
  • Клайпеда. 26.04.2026. Экаквіз для дзетак. Падрабязнасці
  • Клайпеда. 26.04.2026. Кінапаказ фільма «Аўрора». Падрабязнасці
  • Кракаў. 25.04.2026. Квіз пра Чарнобыль для дзяцей і падлеткаў. Падрабязнасці
  • Кракаў. 25.04.2026. Квіз пра Чарнобыль для дарослых. Падрабязнасці
  • Манрэаль. 23.04.2026 18:00. Сустрэча, прысвечаная гадавіне Чарнобыльскай трагедыі. Адрас 4035 rue Saint-Ambroise, Montreal, studio #211
  • Нью-Ёрк. 26.04.2026. Мітынг, прысвечаны 40-й гадавіне Чарнобыльскай трагедыі. Падрабязнасці
  • Талін. 26.04.2026. Экаквіз для дзетак. Падрабязнасці
  • Талін. 26.04.2026. Кінапаказ фільма «Аўрора». Падрабязнасці
  • Таронта. 26.04.2026 10:00. Служба і паніхіда памяці ахвяраў і пацярпелых ад Чарнобылю, а таксама кінапрагляд. Адрас: 524 St. Clarens Avenue (Царква Св. Кірылы Тураўскага ў Таронта)
  • Тбілісі. 26.04.2026. Спектакль па кнізе Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Падрабязнасці
  • Уроцлаў. 26.04.2026 15:00. Акцыя па адрасе рынак каля Przęgierz
  • Цюрых. 26.04.2026. Канцэртная праграма «Песні зніклых вёсак» у выкананні Сяржука Доўгушава. Падрабязнасці
  • Шчэцын. 26.04.2026. Сустрэча, прысвечаная гадавіне Чарнобыльскай трагедыі. Падрабязнасці

І давайце ўзгадаем, як усё пачыналася.

1986 год. Катастрофа, якая змяніла Беларусь

26 красавіка 1986 года, недалёка ад украінскага горада Чарнобыля, на самай мяжы з Беларуссю, падчас правядзення тэстаў на чацвёртым энергаблоку адбыўся выбух, які падзяліў жыццё мільёнаў беларускіх сем'яў на «да» і «пасля». Радыеактыўнае забруджванне закранула значную частку тэрыторыі Беларусі: у зону забруджвання трапіла больш за 2,7 тысячы населеных пунктаў, у якіх пражывалі 2,2 млн чалавек. З найбольш пацярпелых раёнаў было выселена 135 тысяч чалавек, поўнасцю адселена 415 населеных пунктаў. Значна пацярпеў аграпрамысловы комплекс: з абароту было выведзена 2,6 тысяч кв. км сельскагаспадарчых зямель. Медыцынскія наступствы катастрофы выявіліся гадамі пазней: так званы «ёдавы ўдар», які праходзіў з траўня па ліпень 1986 года па Беларусі, стаў прычынай росту раку шчытападобнай залозы.

1989 год. Зараджэнне грамадзянскай ініцыятывы.

Першая акцыя памяці — «Гадзіна смутку і маўчання» — адбылася ў Мінску 26 красавіка 1989 года, яшчэ ў часы існавання СССР. Яна была арганізавана як апазіцыйная да камуністычнай улады, якая хавала праўду пра падзеі, і мела на мэце ўшанаванне памяці пацярпелых. У той дзень на Плошчы Леніна (цяпер — Незалежнасці) прагучалі прарочыя словы пісьменніка Алеся Адамовіча: «Чарнобыль звязаны не толькі з вялікай хлуснёй, але і з наўпроставымі злачынствамі». Гэтая акцыя паклала пачатак традыцыі, якая назаўжды злучана з гісторыяй краіны. Афіцыйна першае шэсце «Чарнобыльскі шлях» адбылося 30 верасня 1989 года і мела вынікам «Чарнобыльскі трыбунал» 25 лістапада 1989 года, рашэнні якога сталі апорай дзейнасці апазыцыі Беларускага народнага фронту «Адраджэньне».

1996 год. Кульмінацыя «гарачай вясны»

Праз дзесяць гадоў пасля трагедыі, у 1996 годзе, «Чарнобыльскі шлях» набыў прынцыпова новы характар. Гэта было першае шэсце за часы прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Тагачасная акцыя, якая сабрала, паводле розных ацэнак, ад 50 да 60 тысяч чалавек, увайшла ў гісторыю як кульмінацыя «гарачай вясны» 1996 года. Галоўным пытаннем стаў лёс незалежнасці краіны: людзі пратэставалі супраць інтэграцыйных планаў Аляксандра Лукашэнкі, пашырэння ягоных паўнамоцтваў і прыціскання свабоды слова. Улады не далі дазволу на правядзенне акцыі, аднак спачатку міліцыя не перашкаджала руху калоны, якая пачалася ад Акадэміі навук. Пазней адбыліся жорсткія сутыкненні з сілавікамі, якія перагарадзілі дарогу, дэманстранты пераварочвалі міліцэйскія машыны, былі затрыманні.

Пасля гэтай акцыі адзін з лідараў апазіцыі Зянон Пазняк пакінуў краіну, а супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча пачалі дапамагаць затрыманым і іх сем’ям — менавіта так быў створаны Праваабарончы цэнтр «Вясна».

2026 год. Памяць у выгнанні

Цяпер, праз 30 гадоў пасля тых падзей, беларусы, якія вымушаны былі пакінуць Радзіму, прадоўжваюць традыцыю за мяжой. У самой Беларусі правядзенне «Чарнобыльскага шляху» немагчымае — за яго людзям пагражаюць рэпрэсіі. Тым не менш, 26 красавіка 2026 года акцыі памяці пройдуць у розных гарадах свету. Кампанія пройдзе пад лозунгам «За незалежную бяз'ядзерную Беларусь».

40 гадоў таму краіна сутыкнулася з тэхнагеннай катастрофай, якая назаўжды змяніла яе твары. А праз дзесяць гадоў народ зрабіў выбар, выйшаўшы на вуліцы не проста ў памяць пра яе, а ў імя будучыні і незалежнасці. Гэты выбар гучыць сёння ў Варшаве і Вільнюсе, ў Капенгагене і Цюрыху, нагадваючы пра тое, што Чарнобыльскі шлях працягваецца.

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda