Іншыя артыкулы

«Маўчанне — самая гібельная стратэгія і для сваякоў, і для палітзняволенага»

Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч у інтэрв’ю «Нашай Ніве» падзялілася меркаваннем, чаму важна апублічваць гісторыі палітвязняў.

«Безумоўна, адзінае, што можа нам дапамагчы, — гэта галоснасць. Маўчанне — самая гібельная стратэгія і для сваякоў, і для чалавека, які зняволены па палітычных матывах.

Некаторых удаецца прашыбіць аргументам, што ўсё памяняецца. Тыя жахлівыя тэрміны, якія зараз людзям прысуджаюць, яны сядзець не будуць. Але калі гэта ўсё памяняецца, то хто першы выйдзе на волю? Тыя, чый пераслед палітычна матываваны, пра каго грамадзянская супольнасць ведае. Калі пра ваша дзіця ці мужа ніхто не ведае, яны абавязкова будуць вызвалены, але калі дойдзе чарга да вашага блізкага? Трэба ж ствараць нейкія камісія, якія будуць пераглядаць гэтыя справы і прысуды.

Другое — беларусы нарэшце зразумелі, наколькі яны салідарны, годны народ. І шмат людзей хочуць дапамагаць тым, хто патрапіў у бяду. Гэта падтрымка дарагога каштуе — нават калі гэта проста лісты: яны моцна ўплываюць на стан палітвязняў, тых, хто іх ахоўвае, на стаўленне сукамернікаў, якія бачаць, што чалавек мае падтрымку з волі. Гэта істотная дапамога і сем’ям — не сакрэт, што людзям шлюць бандэролі, пасылкі, грошы пераводзяць.

Людзі, якія дзесяцігоддзямі не заўважалі, у якой сістэме жывуць, запужаныя і перакананыя, што любое агалошванне пойдзе на шкоду іх блізкаму або ім самім. На жаль, такіх шмат, і мы нават аддалена не можам назваць колькасць людзей,якія знаходзяцца за кратамі, чые родныя не выходзяць на праваабаронцаў. А некаторыя з таго тэлевізару жывуць і думаюць, што іх сваяк сам вінаваты — я сама такое чула. Я гэта чула ў Жодзіне — значыць, тыя родныя хаця б падтрымліваюць калі не духоўна, то перадачамі».
Made on
Tilda