Белаазёрскага актывіста з дыябетам Віктара Хлябца 26 лютага затрымалі бярозаўскія міліцыянты. Да гэтага часу яго ўтрымліваюць у ізалятары часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС у цяжкіх умовах, якія можна прыраўняць да катаванняў.
На яго завялі крымінальную справу нібы за каментар 2020 года ў тэлеграм-чаце супраць бездакорных людзей у пагонах, якіх лукашэнкаўскі рэжым ператварыў у святых. А святыя ператварылі ў даход каментары, якія насамрэч служаць у пэўнай ступені аб’ектыўнай іх характэрыстыкай, якую выказваюць тыя, хто ім плаціць.
Наколькі вядома са скупых дадзеных, Віктар не прызнае сябе вінаватым. Нібыта яго павінны перавесці да суда ў Баранавіцкае СІЗА.
Трэба адзначыць, што Віктар неаднаразова затрымліваўся, пачынаючы з 2020 года за ўдзел у акцыях. І цяпер ахоўнікі рэжыму, якія прывыклі дамагацца «раскрываемасці» у сваёй працы метадам зубатычын і катаванняў умовамі ў ІЧУ, хапаюць актывістаў за сапсаваныя чырвона-зялёныя сцягі, за каментары ў інтэрнэце ў адрас недатыкальных асоб - міліцыянтаў.
Чарговы арышт чалавека з інваліднасцю паказаў, што з чалавечнасцю, як і з прафесіяналізмам, у "праваахоўнікаў" таксама праблемы.