Судовыя паседжанні

Пачаўся трэці суд па справе палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк

На судзе яна казала пра катаванні
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
2 кастрычніка 2023 а 10 гадзіне ў судзе Рэчыцкага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы па арт.411 Крымінальнага Кодэкса — злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі — у якім абвінавачваюць у чарговы раз Паліну. Справу вядзе суддзя Станіслаў Іванюценка.

Як стала вядома ад мужа Паліны Андрэя Шарэнды, на пачатку працэсу Паліна нагадала, што не лічыць гэты суд законным, што яна не лічыць сябе прыналежнай гэтаму суду, бо напісала адмову ад беларускага грамадзянства, а сам працэс назвала проста фарсам. На сённяшні дзень паспелі даць паказанні ўсе сведкі. Таксама паспела сказаць сваё слова Паліна. Яна агучыла ўсе здзекі, якія ёй прыйшлося перажыць за гэты год. У чэрвені месяцы яна была моцна збіта крымінальнымі зняволенымі па наводцы адміністрацыі. Быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы. Гаварыла пра жорсткія ўмовы ў рэчыцкай калоніі, ізалятары часовага ўтрымання рэчыцкага РАУС і ў гомельскім СІЗА на працягу года. І цяпер яе ўтрыманне ў рэчыцкім ІЧУ можна лічыць катаваннем: ёй прыходзіцца спаць на падлозе, бо ёй не выдалі ні матраца, ні пасцельнай бялізны, забралі ўсе асабістыя рэчы. Яна нагадала, што пакуль яна толькі абвінавачая, а не асуджаная, каб можна было яе утрымліваць у такіх бесчалавечных умовах. Неаднаразова падкрэслівала, што ўсе парушэнні былі проста фармальнасцю за яе грамадзянскую пазіцыю.

Калі падышлі да спрэчкі бакоў, пракурор нечакана запрасіў перанос пасяджэння на наступны тыдзень на 9 кастрычніка. Пазіцыю сваю ён не паясніў.

Па словах мужа, Паліна перадала падзяку ўсім тым людзям, хто яе падтрымаў за гэты час. Псіхалагічна Паліна не зламалася, яна падкрэсліла, што не лічыць сябе зняволенай, а лічыць сябе ваеннапалоннай. Яе фізічны стан адлюстроўвае тыя жорсткія ўмовы, у якіх яе ўтрымліваюць.

Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была вызваліцца летась. Але тэрмін працягнулі яшчэ на год за нібыта злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. 6 жніўня 2023 года гэтая мужная жанчына павінна была выйсці на волю. Але зноў судзяць за непадпарадкаванне.
Made on
Tilda