18 студзеня 2023 года пачаўся суд над палітзняволенай Дар'яй Лосік. У той дзень судзе пракурорка Кацярына Пакала запатрабавала для жанчыны 2 гады зняволення. 19 студзеня 2023 Берасцейскі абласны суд у асобе суддзі Мікалая Грыгаровіча агучыў рашэнне: такое ж, як і прасіла дзяржабвінавачванне, паведамляе «Радыё Свабода».
Нагадаем, што Дар'я ўжо 3 месяцы за кратамі. Яе затрымалі за тое, што вясной 2022 года дала інтэрв'ю незалежнаму беларускаму медыя «Белсат». Беларускія ўлады лічаць «Белсат» «экстрэмісцкім фармаваннем». У тым інтэрв'ю Дар'я Лосік распавядала, як з'ездзіла на спатканне да свайго мужа-палітвязня ў турму, пабачыла яго ўпершыню за паўтары гады. Гэтым, на думку боку абвінавачвання, Дар'я здзейсніла «садзейнічанне экстрэміскай дзейнасці» (ч.1 арт.361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Ігар Лосік, журналіст родам з Баранавічаў, застаецца за кратамі з чэрвеня 2020 года. Яму прысудзілі 15 год калоніі ў межах справы супраць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і яшчэ некалькіх палітвязняў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Дома Дар'ю і Ігара Лосікаў чакае іх малая 4-гадовая дачка.