Навіны

У Варшаве адбылося святкаванне Дня Незалежнасці 27 ліпеня

У невялікім памяшканні дабрачыннай арганізацыі «Дар лёсу» у касцёле Святога Аляксандра адбылася сустрэча, прысвечаная Дню Незалежнасці 27 ліпеня. Пад час сустрэчы Вячаслаў Сіўчык прачытаў лекцыю пра незалежнасць і свабоду Беларусі і пра значэнне гісторыю Дня Незалежнасці 27 ліпеня.

Сіўчык напомніў прысутным, што 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. З 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае свята адзначалася менавіта ў гэты дзень. Падпісанне Дэкларацыі не давала рэальнай незалежнасці нашай краіне, якая яшчэ заставалася ў СССР. Але падпісанне стала першым крокам у найноўшай гісторыі Беларусі да незалежнасці пасля распаду СССР.

Згодна з Дэкларацыяй, Беларусь станавілася прававой дзяржавай, «якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу».

Пасля правалу путчыстаў у жніўні 1991 года, Дэкларацыя атрымала статус канстытуцыйнага закону.

Людзі з задавальненнем праслухалі даклад. Потым адбылася дыскусія, дзе многія з прысутных выказалі сваё бачанне незалежнасці: для адных незалежнасць — гэта ўмацаванне інстытута сям'і. Для другіх незалежнасць — гэта быць сабою, быць годным чалавекам, быць беларусам. Для трэціх незалежнасць перад усім тое, што Беларусь — гэта асобны суб'ект, вольны ад знешняй дамінанты.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі, як утрымаць незалежнасць Беларусі, якая сёння ў вялікай небяспецы. Людзі вераць, што Дзень Незалежнасці 27 ліпеня будзе вернуты, але для гэтага трэба працаваць. Напрыканцы падзеі Сіўчык павіншаваў беларусаў з Днём Незалежнасці 27 ліпеня.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-07-28 19:35