26 верасня 2022 года выйшаў указ аб прызначэнні ды звальненні некаторых суддзяў. Шэраг служак Феміды у Берасцейскай вобласці захавалі свае пасады, але ж у Баранавічах адбыліся змены. Так, намесніца старшыні суду Аксана Копач аказалася звольненая са сваёй пасады, і ў прынцыпе пазбаўленая статусу суддзі. На яе месца быў прызначаны івацэвіцкі суддзя Арцём Падалянец.
Але ж узгадаем, якімі справамі запомніцца суддзя Копач.
Апошні вядомы палітычны прысуд па крымінальнай справе, які вынесла Аксана Копач — гэта справа палітвязня Уладзіміра Бранавіцкага. Мужчыну абвінавачвалі ў тым, што на лініях электраперадач (і ў іншых цяжкадаступных месцах) ён развешваў бел-чырвона-белыя стужкі і сцягі. За гэтае пракурор запрасіў год зняволення, ды суддзя Копач менавіта столькі і дала. Гэтая справа разглядалася ў баранавіцкім судзе напачатку верасня 2022 года.
У ліпені 2022 года Копач асудзіла за "абразу" міліцыянтаў і суддзі (і знойдзеныя пры ператрусе наркотыкі) Яўгена Ярмака. У верасні 2021 года Копач прызнала вінаватым па крымінальным артыкуле Віталя Коршуна — мужчыну абвіначвалі з-за каментара пра вайскоўца. Ярмак рашэннем Аксаны Копач быў асуджаны да 5 год калоніі, Коршун — да 2 месяцаў арышту.
Акрамя крымінальных прысудаў, вядома што Копач неаднаразова судзіла актывістаў па адміністрацыйных артыкулах. Тут частка прыкладаў: раз, два, тры. Прычым такія суды Копач праводзіла як пасля 2020 году, так і нашмат раней.
Адзначым, што на пасаду намесніка старшыні суду замест Аксаны Копач прыйшла годная змена: суддзя Падалянец, напрыклад, выносіў другі прысуд Вользе Кронда за "абразу міліцыянта" (гэта та самая гісторыя, дзе міліцыянт спачатку абразіўся на эмадзі лайна, а потым на каментар пра гэты суд).