Навіны

Выстава салідарнасці з Украінай і Беларуссю

Адкрылася ў Варшаве
Тут і далей фота берасцейскай «Вясны»
17 верасня 2024 года ў Беларускай прасторы «Робім разам» адкрылася выстава плакатаў 38 мастакоў з 8 краін Еўропы. Усяго плакатаў каля 400 штук. Мэта выставы — выказванне міжнароднай салідарнасці Украіне і Беларусі.

На плакатах у выглядзе сатыры і гумару паказваецца сутнасць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі. Плакаты беларускай тэматыкі — вяртанне да трагічнага 2020 году, калі Лукашэнка перайшоў усе межы па ўтрыманню ўлады. Ён масава ўжыў гвалт, катаванні і забойствы супраць беларусаў дзеля асабістых інтарэсаў і інтарэсаў сваёй сям'і. Таму сярод плакатаў ёсць яго вобраз у выглядзе вампіра, з крывавымі вуснамі і крывавымі рукамі.
Таксама мастакі вяртаюць нас у той боль, якія перажылі і да гэтага часу перажываюць беларусы. Збітыя беларусы і беларускі, якіх наведвальнікі выставы бачаць на плакатах, выклікаюць пачуццё спагады і адначасова нянавісці да выканаўцаў гэтых экзекуцый.

Але ёсць адзін плакат з назвамі станцый метро ў Менску, падымае настрой і дае сілу тым, хто змагаецца з рэжымам. Гэта станцыі Каліноўскага, Эміліі Плятэр, Ларысы Геніюш і другіх народных герояў.
Адметна тое, што экспазіцыя ладзіцца ў гістарычным месцы. У 1989 г. у гэтым памяшканні знаходзіўся выбарчы штаб «Салідарнасці». Арганізатары выставы спадзяюцца, што прыклад Польшчы ў яе перамозе над камунізмам стане той крыніцай надзеі для беларусаў і украінцаў, якая абавязкова прывядзе іх да перамогі.
Выстава працягнецца да 20 кастрычніка, а 12 кастрычніка адбудзецца сустрэча з некаторымі аўтарамі плакатаў.
Made on
Tilda