Навіны

Да Паліны Шарэнды-Панасюк ў чарговы раз не пусцілі адваката

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: Радыё Свабода
13 сакавіка 2024 адвакат зрабіў чарговую спробу сустрэцца з палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк, якая знаходзіцца ў зарэчанскай калоніі №24. Апошнюю вестачку Паліна даслала 8 студзеня бягучага года. У невялікім лісце яна паведаміла родным, што напісала заяву на сустрэчу з адвакатам. З таго часу больш ад Паліны нічога няма. У студзені і лютым адвакат ездзіў у калонію, каб сустрэцца са сваёй кліенткай, але ў адміністрацыі сказалі, што заявы няма. 13 сакавіка адмовілі ў сустрэчы па той жа прычыне, маўляў, не знайшлі заявы, значыць, яе не было.

Па словах мужа Паліны Андрэя Шарэнды, па ўсім відаць, што да Паліны прымянілі сістэму інкамунікада. Гэта калі чалавека ў няволі пазбаўляюць ліставання і спатканняў з адвакатам і роднымі. У такім стане зняволены не атрымлівае інфармацыі з волі і людзям па-за турмой таксама нічога не вядома пра зняволенага. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі не раз заяўлялі, што рэжым інкамунікада — гэта злачыннае парушэнне правоў чалавека.

Вельмі блізка да сэрца родныя ўспрынялі словы былой палітзняволенай Міі Міткевіч, якая ў сваім нядаўнім інтэрв'ю сказала, што, калі палітзняволеную адпраўляюць у калонію №24, то гэта квіток у адзін канец. З гэтага пункту гледжання найбольшую трывогу выклікае здароўе палітзняволеных у гэтай калоніі, якая вядома сваімі надзвычай жорсткімі ўмовамі.

На дадзены момант у зарэчанскай калоніі №24 акрамя Паліны Шарэнды-Панасюк знаходзяцца Алена Гнаўк з Пружанскага раёна і Алена Маўшук з Пінску.
Made on
Tilda