Навіны

Мора няма, а марскі клас ёсць

У Бярозаўскай пачатковай школе створаны марскі клас на базе 2 «В» класа. Адбылося ў Дзень народнага адзінства прысвячэнне ў маракі. Дзеці прыйшлі ў школу ў марацкай форме. Як напісала раённая газета «Маяк», дзяцей прывітаў капітан школьнага карабля дырэктарка Таццяна Леванюк, якая паведаміла дзецям, што на школьным караблі ідуць правільным курсам да ведаў і новых адкрыццяў. На «капітанскім мосціку» прысутнічалі ганаровыя госці: начальнік аддзела адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Алена Саковіч, яе намесніца Ала Мінко, капітан 2-га ранга Васіль Пашкевіч і старшына 1-га артыкула Сяргей Вячорка.

Мінко падарыла юным маракам кнігі пра Маскоўскую і Ленінградскую бітвы ад аддзела адукацыі і падарунак ад СШ №325 г. Санкт-Пецярбурга, з якой супрацоўнічае Бярозаўская пачатковая школа.

Чамусьці ўспамінаецца шведская школьная адукацыя. Калі аддаецца перавага найперш тым прафесіям, якія запатрабаваны ў сваім рэгіёне. Ужо ў школе дзеці ведаюць, дзе будуць працаваць, калі будуць мець такую ці іншую прафесію, магчыма, занятак сямейнымі справамі. Адсюль любоў да сваёй малой радзімы, не разрываюцца сем'і, працягваюцца сямейныя традыцыі.

А ў дадзеным выпадку на што настройваюць дзяцей дарослыя заангажаваныя цёці і дзядзі, калі Беларусь не марская дзяржава? На службу ў чужой дзяржаве Расіі ў якасці малодшага брата? Расія сёння — міжнародны ізгой, якая вядзе кравапралітную вайну ў суседняй дзяржаве. Дык ужо з 2-га класа дзецям будзем убіваць ў галовы мілітарысцкую начынку для абароны інтарэсаў чужой драпежнай дзяржавы?
2025-10-01 23:38