Іншыя артыкулы

Падпіскі аб неразгалошванні

Разбіраем з юрыстам-праваабаронцам
Беларускі праваабаронца Алег Мацкевіч
Чаму за кожны чых міліцыянты Мікашэвіцкага і Бярозаўскага РАУС сталі браць падпіску аб неразгалошванні? Напрыклад, калі цяпер перад выбарамі (незаконна) лезуць у прыватнае жыццё законапаслухмяных грамадзян праз забіранне тэлефонаў для праверкі, абавязкова бяруць падпіску аб неразгалошванні. Хаця якая тут утрымліваецца таямніца, якую нельга разгалошваць?

Звернемся да закону, калі бярэцца падпіска аб неразгалошванні. Адказвае праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч:

— У адміністратыўным працэсе існуе забарона на распаўсюджанне звестак, якія ўтрымліваюцца ў справе аб адміністратыўным правапарушэнні. Яны могуць быць агалошаны толькі з дазволу суддзі, службовай асобы органа, які вядзе адміністратыўны працэс, а калі звесткі тычацца прыватнага жыцця пацярпелага — з яго дазволу і ў тым аб'ёме, які ён вызначыць. Персанальныя дадзеныя ўдзельнікаў адміністратыўнага працэсу могуць быць агалошаныя толькі са згоды гэтых асобаў.

Дзеянне нормы не акрэслена адносна кола асобаў, на якіх яна можа распаўсюджвацца, і адносна аб’ёму звестак. Гэта дае магчымасці органам, якія вядуць адміністратыўны працэс, злоўжываць правам.

Па-першае, немагчыма забараніць распаўсюджанне абсалютна ўсіх звестак па справе аб адміністратыўным правапарушэнні. Нават у раскладзе судовых пасяджэнняў вы знойдзеце пэўную інфармацыю аб асобе, датычна якой вядзецца працэс, і артыкуле КоАП, згодна з якім яна можа быць прыцягнута да адказнасці. А наведаўшы адкрыты адміністратыўны працэс, любы грамадзянін атрымае амаль поўны аб’ём інфармацыі па справе без усялякіх абмежаванняў.

На этапе падрыхтоўкі да разгляду адміністратыўнай справы доступ да яе матэрыялаў мае абмежаванае кола асобаў. Сведкі, якія могуць быць дапытаныя па справе, у гэтае кола не ўваходзяць па змоўчванні – яны проста не маюць на гэта паўнамоцтваў. А тая інфармацыя, якую сведкі могуць ведаць адносна меркаванага адміністратыўнага правапарушэння, можа быць абмежаваная толькі згодна з абмежаваным пералікам падстаў. Адной з такіх з'яўляецца норма часткі 2 артыкула 11.5 ПВКоАП. Яна тычыцца абароны звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую таямніцу, якая ахоўваецца законам, і якія ўтрымліваецца ў матэрыялах справы аб адміністратыўным правапарушэнні.
Адсюль вынікае, што ўзяцце падпіскі аб неразгалошванні ў адміністратыўным працэсе ў адвольным парадку, без абгрунтавання гэтага дзеяння законнымі мэтамі і працэсуальнай неабходнасцю недапушчальна і ўяўляе сабой адну з форм перавышэння ўладных паўнамоцтваў і парушэння правоў грамадзян.
Але ёсць выпадкі, калі падпіску бралі нават без завядзення адміністратыўнай справы. Як кажуць, беспрэцэндэнтна.

На маю думку, гэта грубае парушэнне права чалавека выглядае ні больш ні менш як замятанне неправавых дзеянняў ахоўнікаў рэжыму ў пагонах міліцыянтаў. За што ў будучым таксама прыйдзецца адказваць.
Made on
Tilda