Навіны

Лісты палітвязню Сяргею Гардзіевічу ў калоніі не аддавалі

Але ж давалі распісвацца за заказныя лісты, і гэта яго вельмі падтрымлівала

Сяргей Гардзіевіч, фота пасля вызвалення з калоніі

Адно з першых пытанняў вызваленаму са шклоўскай папраўчай калоніі №17 журналісту Сяргею Гардзіевічу пры сустрэчы з сябрамі і знаёмымі гучала так: ці атрымліваў ты мае лісты. Бо адпраўшчыкі пісем не атрымлівалі адказаў. Ім рознае прыходзіла ў галаву, чаму Сяргей не адказвае і кожны перажываў, што Сяргей, можа, пакрыўдзіўся на яго. Людзей, канешне, цікавіла, чаму?

Але яны пачулі адказ, што Сяргей ніякіх лістоў не атрымліваў. Яму далі толькі распісацца за амаль 100 заказных лістоў. Лісты знішчылі за нібыта ўтрыманне цынічных звестак. А паштоўкі на дзень народзінаў, як яму перадаў знаёмы, не ўмясціліся ў вядро, куды іх звалілі.

Сяргей раіць удумліва пісаць лісты палітзняволеным, каб хоць рэдкія дайшлі да адрасатаў. Гэта адно з выпрабаванняў палітзняволеных таксама. Тым не менш яму было прыемна даведацца, калі ён распісваўся за неатрыманыя пісьмы, што яго не забылі. Таму пісаць лісты вязням трэба.
Made on
Tilda